У Беларусі пашыраць спіс асобаў, якія не маюць права захоўваць і карыстацца зброяй. Адпаведныя папраўкі ў закон «Аб зброі» набудуць моц 6 ліпеня 2022 года. Пра гэта паведаміла Міністэрства унутраных спраў.

Хто не зможа атрымаць дазвол на зброю
Набыць зброю маюць права асобы, якія дасягнулі 18 гадоў. Яны не павінны падпадаць пад спіс абмежаванняў паводле арт. 14 Закона «Аб зброі». З 6 ліпеня абмежаванні закрануць тых, хто быў асуджаны па адміністрацыйных артыкулах за:
- прапаганду альбо публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі альбо атрыбутыкі (арт. 19.10 КаАП);
- распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць (арт. 19.11. КаАП);
- непадпарадкаванне законнаму распараджэнню альбо патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых абавязкаў (арт. 24.3 КаАП);
- парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП).
Паводле гэтых абмежаванняў зброю могуць не толькі не выдаць, але і пазбавіць права на яе тых, хто яе ўжо мае. Пры гэтым тэрмін дзеяння дазвола на захаванне зброі павялічаць з трох да пяці гадоў.
«Баяцца народа, вось і забіраюць». Што кажуць беларусы, якія маюць зброю
У Беларусі 88 тысяч чалавек маюць зброю. У 2021 годзе грамадзянам выдалі больш за сем тысяч дазволаў на набыццё і захаванне зброі.
«Адразу па артыкулах зразумела, у каго будуць забіраць стрэльбы і навошта гэта было прынята. Баяцца народа, вось і забіраюць. На паляванне хутка не будзе каму хадзіць: адныя багатыя мінчане і рускія будуць паляваць. Простаму мужыку становіцца дорага паляваць», — сказаў Hrodna.life паляўнічы з 30-гадовым стажам Алег.
«Прынялі такую пастанову, каб паляўнічыя не хадзілі на акцыі і не чыталі тэлеграм-каналы. Паляўнічы без ружжа ўжо не можа нармальна займацца сваім хобі», — сказаў Hrodna.life паляўнічы Дзмітрый.
Якія яшчэ змены прадугледжаны ў законе
Калі чалавек парушыць правілы абароту зброі, то яе забяруць на часовае захаванне і вынясуць папярэджанне ўладальніку. Калі на працягу года адбудзецца паўторнае парушэнне, то дазвол на захаванне анулююць, а зброю забяруць.
Вярнуць правы на валоданне зброяй можна будзе не раней чым праз тры гады. Пры гэтым на працягу года можна будзе мець толькі гладкаствольную паляўнічую зброю.
Таксама ў новай рэдакцыі закону здымуць абмежаванні на транзітнае перамяшчэнне траўматычнай зброі праз тэрыторыю Беларусі. Зараз гэта забаронена. Паводле новага закону транзіт будзе магчымы, але толькі з дазволу органаў унутраных спраў