У Гродне затрымалі Андрэя Тодрыка, загадчыка артапеда-траўматалагічнага аддзялення №2 бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) Гродна, паведаміла крыніца Hrodna.life. Тодрык – адзін з дзясяткаў затрыманых у Беларусі траўматолагаў. Інфармацыю пацвердзілі Hrodna.life у аддзяленні БХМД. Там паведамілі, што загадчык знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Мінску.
Тодрык Андрэй Тадэвушавіч — урач траўматолаг-артапед першай катэгорыі, стаж працы – 21 год. Яму 54 гады. З 1995 года ён працаваў урачом-траўматолагам у БХМД, з 2015 года – загадчыкам траўматалагічнага аддзялення. Андрэй уваходзіць у сямейную дынастыю Тодрыкаў з агульным працоўным стажам у 61 год.
У аддзяленні, якое ён ўзначальвае, аказваюць каля 20 відаў паслуг. Сярод іх – аперацыі на ўсіх аддзелах пазваночніка, эндапратэзаванне тазасцёгнавых і каленных суставаў, хірургічнае лячэнне няправільна зрослых пераломаў.
У прыёмнай лекара не знялі слухаўку – даведацца, хто выконвае яго абавязкі з моманту затрымання, у Hrodna.life не атрымалася. На сайце БХМД ён усё яшчэ пазначаны загадчыкам.

Што адбылося?
25-26 сакавіка ў Беларусі былі затрыманыя ад 25 да 50 траўматолагаў, паведамляе Z**kalo.io. Блізкія аднаго з затрыманых распавялі выданню, што лекар праходзіць па частцы 2 артыкула 430 КК “Атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо ў буйным памеры”. Максімальная санкцыя па гэтым артыкуле – 10 гадоў пазбаўлення волі. Працэсуальны статус затрыманых пакуль невядомы. Аб затрыманні лекараў стала вядома праз тры дні. Ператрусы праводзіў КДБ. Паводле інфармацыі журналістаў, затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
Дзе прайшлі затрыманні?
- У Віцебску затрыманыя супрацоўнік ВДМУ і галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі. Паводле інфармацыі Z**kalo.io, гэта адбылося 26 сакавіка, у кабінетах медыкаў прайшлі ператрусы.
- Затрыманы загадчык траўматалагічнага аддзялення ЦРБ у Ваўкавыску Яўген Саўко.
- Гомельскі рэсурс “Флагшток” пісаў пра затрыманне дзвюх загадчыкаў аддзяленнямі траўматалогіі — у абласной клінічнай бальніцы і абласным анкадыспансеры.
- Таксама затрыманыя тры траўматолагі з мазырскай ЦРБ, паведамляе The Village.
- 29 сакавіка быў затрыманы загадчык рэабілітацыйнага аддзялення для траўматолага-артапедычных хворых гарадской клінічнай бальніцы № 11 Мінска траўматолаг-артапед Алег Ліпніцкі. Паводле інфармацыі на 30 сакавіка, таксама затрыманы яшчэ доктар Андрэй Варановіч з Мінскага Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «траўматалогіі і артапедыі». 30 сакавіка раніцай таксама быў затрыманы галоўны ўрач гарадской клінічнай бальніцы № 11 Мінска Урублеўскі Валерый. Акрамя таго, паведамляюць, што затрымалі шасцярых медыкаў у Мінскай абласной клінічнай бальніцы і некалькіх з гарадской клінічнай бальніцы № 6 горада Мінска, паведамілі “Б**ыя халаты”.
- Быў затрыманы былы галоўны траўматолаг Брэсцкай вобласці і былы загадчык аддзялення траўматалогіі Брэсцкай абласной бальніцы Кісель Сямён, паведамілі “Б**ыя халаты”.
У чым прычына затрымання?
Па адной версіі, прычына масавага затрымання не палітычная і, хутчэй за ўсё, звязаная з закупкай пратэзаў нямецкай вытворчасці. Іх у краіну пастаўляе толькі адна беларуская кампанія, паведамляе Z**kalo.io.
Суразмоўцы «Нашай Нівы» выказалі падобную здагадку. Па іх словах, на складах “мільёны” пратэрмінаванай прадукцыі для пратэзаў, якія апынуліся незапатрабаванымі. Але пытанне ў такім выпадку павінна быць да аддзела закупак і бухгалтэрыі. З увозам імпартных дэталяў таксама вялікія праблемы з-за лагістыкі і адмоваў супрацоўнічаць. Пратэзы і іх дэталі трэба з часам мяняць. У розныя гады Беларусь закупляла пратэзы розных фірмаў і іх дэталі не пасуюць адзін да аднаго. У такіх выпадках доктар можа параіць, як завезці нейкую дэталь “па-чорнаму”, паведамляе “Наша Ніва”.
Ва ўсім свеце кампаніі плацяць або аказваюць паслугі медыкам, якія выкарыстоўваюць іх лекі або абсталяванне, распавёў суразмоўца Hrodna.life. Напрыклад, аплачваюць даволі дарагі удзел у профільных канферэнцыях. Іх наведванне неабходна лекарам для росту ў прафесіі. У іншых краінах гэта адрэгулявана заканадаўствам. У нашай краіне — не. Таму тэарэтычна такія выпадкі ў Беларусі можна кваліфікаваць як карупцыю. Па чутках сярод медыкаў, на беларускіх прадстаўнікоў адной з такіх нямецкіх фірмаў “націснулі” і яна “зліла” дактароў.
Па версіі суразмоўцы Hrodna.life і “Нашай Нівы”, сярод затрыманых знойдуць “казлоў адпушчэння”, астатніх адпусцяць.
“Справа лекараў”
Затрыманне можна параўнаць з беларускай “справай лекараў”. У 2018 годзе паводле абвінавачвання аб атрыманні хабараў пры закупках затрымалі 95 чалавек. 22 з іх асудзілі на тэрмін да сямі гадоў пазбаўлення волі. Прычына была ў схеме карупцыйных закупак. Цэны на лекі і медыцынскае абсталяванне часам завышаліся на 10-60% і нават на 100%.
Чытайце таксама:
- У Гродне медыка асудзілі на чацвёра сутак арышту. Прычына — «экстрэмізм» і «дэманстрацыя нацысцкай атрыбутыкі»
- «Вы свядомы — затрымліваць вас не будзем». На хірурга з Гродна паскардзіліся з «хіміі» — ён атрымаў штраф
- «Навучыўся спаць стоячы». Затрыманы ў Гродне анестэзіёлаг — пра трое сутак у ІЧУ і адміністратыўку за «Пагоню»
- Медыку Аляксандру Цялегу вынеслі прысуд у Гродне: чатыры гады калоніі


