Беларускія эмігранты павінны будуць аплачваць камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме. Штомесяц памежнікі будуць перадаваць у Міністэрства працы звесткі пра беларусаў, якія выехалі і не вярнуліся цягам 30 дзён з 1 сакавіка. Адпаведныя змены прыняў Савет міністраў.

Памежнікі павінны перадаваць дадзеныя ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны штомесяц да 5 чысла.
Плату за камунальныя паслугі ў поўным аб’ёме будуць спаганяць не з усіх. Калі чалавек выехаў за мяжу больш чым на 30 дзён на лекаванне, то ён павінен прадаставіць у службы ЖКГ адпаведныя дакументы.
Чытайце таксама: Кантрабандыст — не дармаед. «Цыгарэтавозы» прыносяць краіне больш карысці, чым тысячы ідэолагаў?
“Гэта не першы і не апошні спосаб дзяржаўнага рэкету”
“Гэта, канешне, ненармальная сітуацыя. Але гэта не першы і не апошні спосаб дзяржаўнага рэкету, таму ніхто не здзіўляецца. Ці страшна? Калі што, папрашу маці выпісаць мяне з кватэры і справа з канцом”, – сказала Hrodna.life эмігрантка Марына, якая праз пераслед з’ехала з Беларусі ў снежні 2021 года.
Калі ў Беларусі пачалі шукаць “дармаедаў”
Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” Аляксандр Лукашэнка падпісаў 2 красавіка 2015 года. Жыхары Беларусі, якія не афіцыйна не працавалі, павінны былі плаціць адмысловы падатак. У канцы лютага 2017 скончыўся апошні тэрмін выплатаў. Абураныя беларусы выйшлі на пратэсты ў розных гарадах краіны. У выніку сплачаны падатак людзям вярнулі, а 25 студзеня 2018 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт №1. Згодна з ім плацельшчыкі былі вызваленыя ад аплаты падатка.

Замест гэтага грамадзяне, якія “не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў” (не працуюць больш за тры месяцы), павінны аплачваць 100% кошту камунальных паслуг (ацяплення, гарачай вады і газу).


