З Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы звальняюць гісторыка Альбіну Семянчук. Ёй не працягнулі кантракт. Фармальная прычына — нібы надыход пенсійнага ўзросту. Гэта заўважыў Telegram-канал «Право им**т».
«Набліжаецца да заканчэння мая 40-гадовая прыгода з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам. У 1982 годзе я паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне, а 23 красавіка 2022 г. мушу бясслаўна пакінуць сваю alma mater з прычыны не працягнення кантракта. Гештальт, як кажуць, завершаны. Шкадавання няма, бо я, аказваецца, незаўважна для сябе, дасягнула пенсійнага ўзросту. Па-другое, гэтая ўстанова адукацыі ўжо даўно не адпавядае маім уяўленням аб сучасным універсітэце» — напісала гісторык у сваім Facebook.
З 1996 года Альбіна Семянчук працавала на кафедры беларускай культуры, мае ступень кандыдата гістарычных навук. Займаецца вывучэннем наратыўных крыніц XV—XVII стагоддзяў, беларуска-літоўскімі і польскімі летапісамі, даследаваннем гістарычнай думкі ў ВКЛ. Аўтарка некалькі дзясяткаў навуковых даследаванняў. Альбіна Семянчук рыхтавалася да абароны доктарскай дысертацыі.
Звальнялі такім чынам і раней
Падобныя звальненні былі і раней. У сакавіку 2021 падобным чынам звольнілі прафесара Аляксандра Мурашова, які напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку. У снежні 2020 не працягнулі кантракт фізіку і грамадскаму актывісту Валянціну Аскірку. Яшчэ раней, у студзені 2015 года, з ГрДУ звольнілі мужа Альбіны Семянчук — археолага і гісторыка Генадзя Семянчука.
Чытайце таксама: Рэпрэсіі ў ГрДУ пачаліся не ў 2020-м. На YouTube з’явілася відэа пра доўгую гісторыю пераследу ва ўніверсітэце