З 10 па 20 лютага ў Беларусі пройдуць сумесныя беларуска-расійскія вучэнні “Саюзная рашучасць-2022”. Па сцэнары, “заходняя кааліцыя” і падкантрольныя ёй тэрарысты вырашылі змяніць кіраўніцтва ў “Рэспубліцы Палессе” і разбурыць яе саюз з “Паўночнай Федэрацыяй”. Пры гэтым вучэнні носяць абарончы характар і не нясуць пагрозы ні “еўрапейскай супольнасці ў цэлым”, ні” суседнім краінам”, удакладніў начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл, першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Віктар Гулевіч на брыфінгу ў Цэнтральным доме афіцэраў.

Падрыхтоўка да вучэнняў ўжо пачалася. У тым ліку яны пройдуць і на Гожскім палігоне пад Гродна.

Нярыс, Паморыя, Клопія і Рэспубліка Дняпровія. “Легенда” вучэнняў

На вучэннях межы дзяржаў вызначаць умоўна. Паводле сцэнару, “Заходнім” будуць супрацьстаяць “Рэспубліка Палессе” і “Паўночная Федэрацыя”. У склад заходняй кааліцыі ўключылі прыдуманыя Нярыс, Паморыю, Клопію і падкантрольныя ім тэрарыстычныя арганізацыі, прыводзіць “Спутник” дэталі расказа Гулевіча.

Паводле легенды ўсё пачалося з імкнення “Заходніх” дэстабілізаваць сітуацыю ў “Рэспубліцы Палессі”, змяніць яе кіраўніцтва і дамагчыся ліквідацыі Саюзнай дзяржавы для далейшага паслаблення “Паўночнай Федэрацыі”.

Гулевіч распавёў сцэнар вучэнняў. “Заходнім” не ўдаецца ініцыяваць унутраны канфлікт. Тады яны “выкарыстоўваючы падкантрольныя тэрарыстычныя арганізацыі і апазіцыю, справакавалі ўзброены канфлікт з суседняй з саюзнай дзяржавай Рэспублікай Дняпровіяй”.

На падставе міратворчай аперацыі “Заходнія” ўвялі войскі на тэрыторыю рэспублікі і “ўсталявалі кантроль над шэрагам яе заходніх абласцей”. Пасля гэтага кааліцыя запатрабавала ад Рэспублікі Палессе спыніць замахі на дэмакратычныя правы, вызваліць палітвязняў і перадаць уладу сапраўдным лідарам краіны. У адказ на адмову “Заходнія” ў кароткія тэрміны сфармавалі вайсковую групоўку, у тым ліку — на захадзе «Дняпровіі», і «развязалі агрэсію супраць Саюзнай дзяржавы».

“Рэспубліка Палессе” і “Паўночная Федэрацыя” ў вучэннях імкнуцца “забяспечыць стабільнасць у рэгіёне” і “захаваць цэласнасць і незалежнасць, абапіраючыся на нормы міжнароднага права”. Сілы рэагавання прымяняюцца адэкватна ўзроўню ваеннай пагрозы.

Вучэнні планавыя і іх задуму зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка, распавёў Віктар Гулевіч.

Кіданне бомбаў і баявая стральба. Што будзе на вучэннях

Праверка сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі пройдзе ў два этапы, расказалі ў Мінабароны. Да 10 лютага войскі будуць перамяшчаць у зыходныя раёны і адпрацоўваць зладжанасць. Пасля ўсіх перасоўванняў частка авіяцыі ВПС, войскаў СПА Беларусі і Паветрана-касмічных сіл Расіі пачнуць патруляванне паветранай прасторы. Вучэнні “Саюзная рашучасць-2022” – завяршальны этап праверкі.

На першым этапе будуць адпрацоўваць стварэнне груповак войскаў на пагражальных кірунках у кароткія тэрміны. На другім этапе асноўную ўвагу нададуць прыкрыцці мяжы Беларусі, “у тым ліку на паўднёвым кірунку”. Адпрацуюць агнявое паражэнне пры ўварванні, у тым ліку з баявой стральбой і бомбакіданнем авіяцыяй. У заключнай фазе вучэнняў адпрацуюць разгром праціўніка контрнаступлением.

Пасля праверкі воінскія часткі і падраздзяленні Узброеных сіл Расіі пакінуць тэрыторыю Беларусі, як гэта было пасля ўсіх папярэдніх вучэнняў, паабяцаў Віктар Гулевіч.

Чытайце таксама: На полигоне под Гродно погибли два российских десантника

Беларусь імкнецца да добрасуседства

Акрамя адпрацоўкі абароны, тэмай вучэнняў Гулевіч назваў процідзеянне тэрарызму і абарону інтарэсаў Саюзнай дзяржавы. Віктар Гулевіч лічыць, што падзеі ў Казахстане паказалі важнасць ваенна-палітычных саюзаў “у гарантаванні нацыянальнай бяспекі дзяржаў”. Вучэнні праводзяць для ацэнкі здольнасці ваеннага кіраўніцтва і войскаў падтрымліваць бяспеку Саюзнай дзяржавы. Таксама пры іх распрацоўцы ўлічылі аналіз падзей, “якія адбываліся вакол нашай краіны ў 2020 годзе, усе недружалюбныя пасылы і неабгрунтаваную канцэнтрацыю войскаў”.

“Беларусь імкнецца да падтрымання стабільнасці і добрасуседства ў рэгіёне”, – працытаваў Віктара Гулевіча “Спутник”. Ён дадаў, што занепакоенасць Мінска мілітарызацыяй суседніх краін ігнаруецца, у прыватнасці, гэта тычыцца польскага боку. У аснову сцэнара вучэнняў заклалі “актыўнасць тэрарыстычных фарміраванняў і сепаратыстаў, жаданне асобных дзяржаў дамінаваць у рэгіёне”.

На вучэннях у 2017 годзе па сцэнары Беларусь і Расія таксама супрацьстаялі прыдуманым краінам. Паводле легенды гэта былі Весбарыя, Лубен і Вейшнорыя. У тэрыторыю меркаванай Вейшнорыі, па плане, трапіла і Гродзенская вобласць. У сацсетках гэта выклікала актыўную рэакцыю і шмат жартаў. Гродзенец нават стварыў тэматычны паблік і пачаў выпускаць “вейшнорскі” мерч.