Права арэнды ўчастка каля сажалкі на вул. Рэпіна прадалі ў гарвыканкаме 5 кастрычніка. На тэрыторыі ў 379 кв. м. размесціцца нестацыянарны гандлёвы аб’ект.

Выкупілі права арэнды гродзенскія бізнесмены. Яны адмовіліся размаўляць з журналістамі і назваць фірму, якая размесціць там аб’ект. Па іх словах, усё будзе гатова да новага летняга сезона.

Канкурэнтаў у пакупнікоў не было — ніхто больш не заявіўся на гэты лот. У гэтым выпадку кошт лота складае пачатковы — 1122 рублі - плюс 5%. Гэта значыць, права арэнды прадалі за 1178 рублёў. Тэрмін арэнды складзе тры гады.

Што такое нестацыянарныя гандлевыя аб’екты?

Гэта гандлёвыя аб’екты, устаноўленыя без заглыбленых падмуркаў, у тым ліку перасоўныя. Напрыклад, гэта кіёскі або павільёны.

Пакупнік абавязаны ўзгадніць з Упраўленнем будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама знешні выгляд, габарыты, матэрыял вонкавага аздаблення і колер свайго аб’екта. Таксама аб’ект павінен быць даступны для маламабільных людзей.

На аўкцыёне спрабавалі прадаць права арэнды аналагічнага ўчастка ля сажалкі на вул. Курчатава. Але на яго ніхто не падаў заяўку.

Што яшчэ прадалі на аўкцыёне?

Гаспадароў на аўкцыёне знайшлі падвальныя памяшканні па вул. Міцкевіча, 2 і б-р Ленінскага камсамола, 16. Зямельны ўчастак для будаўніцтва прыватнага дома ў пасёлку Паўднёвым (квартал вуліц Навасельнай-Шырокай-Адэльскай) выкупілі за 47 700 рублёў пры пачатковай цане 13 525. Падобны аб’ект на вул. Ваньковіча, 56 набылі за 38 800 рублёў, пачатковы кошт складаў 24 131 рублёў. На астатнія некалькі лотаў заявак не паступіла.

Сажалка на Рэпіна памятае Панятоўскага

Вадаёмы на Рэпіна і Курчатава былі папулярныя ў савецкія гады, але ў 2000-я змялелі і прыйшлі ў запусценне. У 2019−2020 годзе пасля скаргаў гараджан іх аднавілі — падсыпалі, пачысцілі дно і выклалі гідраізаляцыйнай плёнкай. На вуліцы Курчатава адзін з двух вадаёмаў прыйшлося засыпаць: аднаўляць яго апынулася занадта дорага.

Сажалка на вуліцы Рэпіна вядомая сваёй гісторыяй. Яна існавала яшчэ пры Рэчы Паспалітай. Тады тут была летняя рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Краязнаўцы мяркуюць, што гэтая тэрыторыя не была закрытай. У гістарычных крыніцах ёсць сведчанні аб тым, што «парк Аўгустова» быў адным з любімых месцаў адпачынку гродзенцаў.