У абноўленым гісторыка-археалагічным музеі ў Старым замку з’явіцца майстэрня друкара са зробленым адмыслова для яе друкарскім станком. Таксама ў межах праекта рэканструявалі гравюру Тамаша Макоўскага 1600 года. На яе арыентаваліся аўтары рэканструкцыі Старога замка.

Друкарня — экспазіцыйна-даследніцкі праект, прысвечаны тэхніцы друку гравюр з медзі. Яна адрозніваецца ад кнігадрукарскай. Наведнікі змогуць пабачыць друкарскі станок, працоўнае месца гравёра, яго інструмент і рыштунак. Станок — цэнтральны аб’ект майстэрні друкара. Яму пастараліся надаць індывідуальнае аблічча і нават далі імя — Цмок. Там наведнікі змогуць вырабіць сабе на памяць выяву гродзенскага замка — фрагмент гравюры Адэльгаўзера-Цюндта 1568 года, або, напрыклад, партрэт Стэфана Баторыя.

Канцэпцыю друкарскай майстэрні і часткова экспазіцыю, звязаную з графічным мастацтвам, для Старога замка распрацавалі дызайнерская студыя imago.by з Мінска і спецыялісты гродзенскага музея. Увесь рыштунак друкарні выраблены студыяй, расказала Hrodna.life Валянціна Андрэева, супрацоўніца imago.by. Форму для станка зрабіў сябар суполкі Зміцер Шапавалаў паводле чарцяжоў студыі. Разцы для гравіравання каваныя, з дубовымі ручкамі. Стол гравёра з састаранага дуба спраектаваны адмыслова для гэтай майстэрні.

Станок не з’яўляецца часткай гістарычнай экспазыцыі, бо нейкіх дакладных звестак пра тыпаграфію ў замку не захавалася, патлумачыў Hrodna.life Ілля Андрэеў, кіраўнік студыі imago.by, даследчык гісторыі картаграфіі. Тым не менш можна меркаваць, што праца сеймаў Рэчы Паспалітай, якія праводзіліся часам і ў Гродне, патрабавала магчымасці друку.

Аднавілі гравюру Макоўскага

Важнай часткай праекта было стварэнне рэканструкцыі гравюры з выявай Гродна Тамаша Макоўскага. Гравюра паказвае, як выглядаў горад і Стары замак у 1600 годзе.

«Яе арыгінал не захаваўся, [гравюра] вядомая па фотакопіі 1930-х. Але наша студыя зрабіла копію меднай пласціны (мастак Зміцер Шапавалаў) і надрукавала гравюру наноў. Па вялікім рахунку, калі казаць пра батарыянскі замак, гэта найважнейшая ілюстратыўная крыніца па тым, як ён выглядаў», — расказаў Ілля Андрэеў.

У Старым замку з’явіцца друкарня гравюр. Там можна будзе надрукаваць сабе замак або партрэт Баторыя
Форма і адбітак з яе таксама будуць выстаўлены ў Старым замку. Фота прадастаўлены imago.by

Чым яшчэ займаюцца стваральнікі замкавай друкарні

У 2021 годзе праект друкарні ў замку ўвайшоў у лонг-ліст конкурса «Спадчына ў дзеянні» беларускага камітэту ICOMOS у намінацыі «Найлепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны».

Студыя imago.by займаецца факсімільным друкам старажытных мапаў і гравюраў, вырабам мастацкай графікі для інтэр'ера, выдавецкімі праектамі. Для друку гравюраў там цалкам аднаўляюць тэхналогію вырабу, нават паперу робяць уручную. Студыя супрацоўнічае з «Белкартаграфіяй». Сярод выдавецкіх праектаў - кніга С. Александровіча «Картаграфія ВКЛ», карта Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918−1919 гадах, карта свету на беларускай мове.

У 2018 годзе да 450 годдзя гравюры Ганса Адэльгаўзера і Маціяса Цюндта «Vera Designatio Urbis in Littavia Grodnae» студыя аднавіла вядомую выяву Гродна. Да таго на тэрыторыі беларусі не было ніводнай поўнамернай копіі, і агулам па свеце іх засталіся лічаныя асобнікі. Грошы на праект сабралі за 13 дзён у межах ініцыятывы «Анёлы над горадам». Адну з надрукаваных копій гравюры Адэльгаўзера-Цюндта майстэрня перадала гродзенскаму музею адразу па заканчэнні праекта «Анёлы над горадам». Пазней «Белкартаграфія» выпусціла каляровы варыянт гравюры.

У Старым замку з’явіцца друкарня гравюр. Там можна будзе надрукаваць сабе замак або партрэт Баторыя
Гравюра Адэльгаўзера-Цюндта ў адной з гродзенскіх кавярняў

У 2021 годзе кіраўнік imago.by быў вымушаны з’ехаць і зараз шукае магчымасць працягваць працу з-за мяжы.

Чытайце таксама: