Не менш за шэсць жыхароў Гродзенскай вобласці затрымалі з 29 верасня за каментары. У КДБ пракаментавалі затрыманні стачкамаўцаў - на іх завялі некалькі крымінальных спраў. Палітвязням узмацняюць рэжым утрымання. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 27 верасня па 3 кастрычніка.

Шэсць стачкамаўцаў з Гродна — у СІЗА КДБ

13 затрыманых стачкамаўцаў і завадчан «Гродна Азот», Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і «Нафтана» знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Як мінімум шэсць чалавек па справе «Рабочага руху» затрыманы ў Гродне. Распачата справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх здрада дзяржаве і стварэнне экстрэмісцкага фармавання. Два затрыманых супрацоўнікі «Гродна Азот» выйшлі на свабоду. Затрыманых паказалі ў сюжэце СТВ.

Чатырох затрыманых «азотаўцаў» прызналі палітвязнямі

Яшчэ 11 чалавек прызналі палітвязнямі ў Беларусі. Гэта затрыманыя па справе «Рабочага руху», паведаміла праваабарончая арганізацыя «Вясна». Сярод іх чатыры гродзенцы — Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімір Жураўко, Валянцін Цераневіч. Праваабаронцы патрабуюць вызваліць іх і спыніць пераслед.

Ігару Банцэру ўзмацнілі рэжым пакарання: яго пераводзяць у калонію

Гродзенскаму рок-музыку і палітзняволенаму Ігару Банцэру змянілі рэжым утрымання на больш жорсткі: з «хіміі» на калонію агульнага рэжыму. Прысуд вынеслі ў Віцебску 29 верасня.

Палітвязня Івана Вярбіцкага збіраюцца пераводзіць на строгі рэжым

56-гадовы Іван Вярбіцкі — мастак з Гальшанаў, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Палітвязня абвінавацілі адразу па некалькіх сур’ёзных артыкулах: падбухторванне да акта тэрарызму, незаконныя набыццё, захоўванне боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, а таксама знішчэнне афіцыйных дакументаў. 15 сакавіка Івана Вярбіцкага асудзілі да 8 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Вядома, што ў папраўчай калоніі на зняволенага гальшанца аказваўся ціск: два месяцы Івана ўтрымлівалі ў ШІЗА і ПКТ, з якога яго павінны былі выпусціць 5 кастрычніка. Сёння стала вядома, што палітвязня этапавалі ў магілёўскую турму № 4, бо збіраюцца змяніць рэжым з узмоцненага на строгі праз шматлікія «парушэнні», паведамляе «Вясна».

Блогеру Vadimati афіцыйна прад’явілі абвінавачванне

Цяпер Вадзім Ермашук праходзіць абвінавачаным па арт. 368 КК «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 370 КК «Здзек над дзяржаўнымі сімваламі». Віну па двух артыкулах ён не прызнаў. Пакуль яго не этапавалі ў Гродна. Блогера прызналі палітычным зняволеным.

Сайт Hrodna.life заблакавалі

27 верасня сайт перастаў адкрывацца ў Беларусі без VPN. 30 верасня ён перастаў адкрывацца адусюль. Верагодна, гэта адбылося з-за блакавання IP-адраса на ўзроўні вышэйстаячага правайдэра. 4 кастрычніка рэдакцыя аднавіла доступ да сайта.

Мастак і палітвязень Алесь Пушкін адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні

За кратамі мастак малюе партрэты зняволеных. Каля сотні такіх партрэтаў ён ужо раздаў. Ён хоча арганізаваць сумесную выставу мастакоў, якія трапілі ў турму, а таксама працуе над п’есай пад працоўнай назвай «Чорны бусел». Таксама Пушкін напісаў, што правёў пяць сутак у карцары, паведамляе «Г***дзенская вясна».

Гродзенскі дзіцячы хоспіс ліквідуюць праз суд

Па справе аб ліквідацыі Гродзенскага дзіцячага хоспіса прайшло першае судовае паседжанне. Дырэктар хоспіса Вольга Вялічка і супрацоўнікі маюць намер знайсці спосаб працаваць і ў выпадку закрыцця. Напрыклад, аказваючы дапамогу надомна. Але супрацоўнікі адзначаюць: без памяшкання і арганізацыі знікне элемент сацыялізацыі, які ў іх сітуацыі вельмі важны.

У Ваўкавыску затрымалі гісторыка і выкладчыка курсаў «Мова Нанова» Андрэя Коласа

У дом уварваліся сямёра сілавікоў са шчытамі і зброяй. Фармальны нагода для візіту — праверка паляўнічай зброі. Хлопца затрымалі і пасля суда пасадзілі на 10 сутак.

Не менш за шэсць жыхароў Гродзенскай вобласці затрымалі з 29 верасня

Гэта 33-гадовы Аляксандр Пятрашка, Канстанцін Філіпаў, Аляксей Сянько, 31-гадовы Андрэй Кандратовіч, Павел Беленік, Іна Антановіч. Павел Беленік — слесар цэха Авіт «Хімвалакно». Некаторых з іх перавялі ў мінскія ізалятары. Верагодна, затрыманні звязаныя з пакінутымі каментарамі пасля смерці супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зэльцэра. Распачатыя крымінальныя справы па арт. 369 «Абраза» або арт. 130 «Распальванне сацыяльнай варожасці».

Усяго больш за 200 аўтараў абразлівых каментароў аб гібелі супрацоўніка КДБ выявілі за суткі ў Беларусі, распавёў намеснік міністра ўнутраных спраў - начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч у эфіры тэлеканала АНТ.

Гродзенца затрымалі за «распальванне сацыяльнай варожасці»

Крымінальную справу па арт. 130 КК распачалі 29 верасня пасля каментароў у Telegram, дзе мужчына нібыта заклікаў да гвалту супраць праваахоўнікаў. 34-гадоваму гродзенцу пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі ў залежнасці ад часткі артыкула. Раней яго ўжо затрымлівалі і запісвалі з ім відэа з выбачэннямі.

Коратка:

  • Пляменніца Гоя выйшла замуж за шоўмена і былога вядоўцу БТ.
  • Гродзенскі гісторык прысвяціў кнігу «Дню ненароднага адзінства».
  • «Гродна Азот» хоча ўвесці на заводзе крыптавалюту. Эксперт: гэта нязграбная спроба абысці санкцыі.
  • СК аб пратэстах пасля выбараў: «Удзельнікі акцый могуць з’явіцца добраахвотна і прызнацца».