У горадзе Бразіліа з 21 верасня працуе выстава «Беларусь: у дэмакратыі жаночае аблічча». На ёй прадстаўлены працы беларускіх фотажурналістаў, зробленыя у час акцый пратэсту 2020 года, паведамляе «Радыё Рацыя». Сярод аўтараў ёсць гродзенскі фатограф.

«Я лічу, што гэта важная, цікавая і вартая ўвагі тэма. У Бразіліі людзі чытаюць навіны, але ўсё роўна не бачаць поўнай карціны. Дзякуючы гэтай выставе людзі маюць магчымасць больш шырока ўбачыць усе падзеі і зрабіць свае высновы наконт падзей 2020 года», — распавёў Hrodna.life адзін з фатографаў, працы якога прадстаўлены на выставе.

Здымкі гродзенскага фатографа паказваюць на выставе ў сталіцы Бразіліі
Адкрыццё выставы 21 верасня. Фота: Instagram

Гэта не першая для фатографа міжнародная выстава. Раней працы гродзенца прадстаўлялі ва Украіне, Літве, Польшчы, Германіі, Францыі і Расіі. Але на іншы кантынент яго здымкі патрапілі ўпершыню.

Не толькі паглядзець здымкі, але і напісаць ліст палітвязню

Выставу арганізавалі беларускія актывісткі якія жывуць ў Бразіліі Вольга Алешка і Анастасія Голец. Мэта выставы — прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да беларускіх рэалій. Для фінансавання выставы арганізатаркі запусцілі краўдфандынгавую кампанію на Kickstarter.

Здымкі гродзенскага фатографа паказваюць на выставе ў сталіцы Бразіліі
Арганізатаркі выставы Анастасія Голец і Вольга Алешка (у цэнтры). Фота: Instagram

Акрамя фотаздымкаў на выставе паказваюць відэаінсталяцыю. Таксама аўтары інсцэнавалі беларускую турэмную камеру. Ёсць магчымасць інтэрактыву — кожны з наведвальнікаў можа напісаць ліст палітзняволенаму ў Беларусь.

Падобныя праекты, прысвечаныя падзеям у Беларусі, цягам апошняга году праходзілі ў многіх гарадах і краінах свету. Куратар выставы «Беларусь: у дэмакратыі жаночае аблічча», фатограф-дакументаліст Лука Баначыні, налічыў не менш за 13 экспазіцый, што паказвалі ў такіх гарадах, як Парыж, Берлін, Токіа ці Сан-Францыска.