Блок абслугоўвання па вул. Томіна, 18/1 па суседстве з «азотаўскімі» інтэрнатамі, выкупілі 28 верасня без таргоў. Пакупнік можа захаваць яго ці рэканструяваць пад аб’ект адміністрацыйна-гаспадарчага, гандлёвага або культурнага прызначэння, грамадскага харчавання, аб’ект аховы здароўя і прадастаўлення сацыяльных паслуг.

Таргі не адбыліся, бо заяўку на іх падаў толькі адзін чалавек. У такім выпадку кошт аб’екта складае пачатковы плюс 5%.

Будынак каштаваў 125 841 рублёў. Паўторныя электронныя таргі прайшлі з паніжэннем кошту на 80%. Гэта значыць, кошт аб’екта склаў 26 427 рублёў. Прыкладна за такую ж суму з аўкцыёну прадалі памяшканне ў будынку па вул. Горкага, 3−2.

Хто пакупнік — камерцыйная таямніца

Дадзеныя пакупніка Hrodna.life у «Гродна Азот» не раскрылі, бо гэта «камерцыйная таямніца». Як новы ўладальнік будзе выкарыстоўваць будынак, пакуль невядома. Аб гэтым ён не расказаў нават прадаўцам.

Плошча блока абслугоўвання — 1351,8 кв. м. Гэта трохпавярховы будынак з цокальным паверхам. У комплекс уваходзіць сістэма дыспетчарскага кіравання і збору дадзеных у цеплавузлах. Будынак размешчаны сярод шматпавярховак. Побач з ім — тры інтэрнаты «азотаўцаў» на вул. Томіна, 14, вул. Томіна, 16, вул. Томіна, 20, аздараўленчы цэнтр «АзотСервіс» (басейн «Хімвалакно») і лясны масіў.

Што яшчэ з маёмасці «Гродна Азот» прададуць?

Аздараўленчы цэнтр па вул. Томіна, 26 плануюць прадаць з паніжэннем цаны на 80%. Яго выставяць на таргі ў канцы кастрычніка. Раней яго ўжо спрабавалі прадаць з паніжэннем цаны на 20% і 50%, але пакупнікоў гэта не зацікавіла. Першапачатковы кошт аб’екта — 3,1 млн рублёў.

Аздараўленчы цэнтр уключае ў сябе дзеючы крыты басейн і будынак прафілакторыя, які знаходзіцца на кансервацыі. Басейн пакупнік абавязаны будзе захаваць, а прафілакторый зможа рэканструяваць пад аб’ект грамадскага прызначэння.

Там можа з’явіцца крама або гандлёвы цэнтр, гасцініца, аб’ект аховы здароўя і прадастаўлення сацыяльных паслуг, грамадхарч або аб’ект бытавога абслугоўвання.

Чытайце таксама: Басейны ў Гродне: куды можна пайсці паплаваць і колькі гэта каштуе