Цэнтральная паліклініка Гродна пашырыцца за кошт Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Прамень» на Гарнавых, 5. Цэнтр творчасці ж зойме былы будынак «Беларусбанка» на Цітова, 7, піша 015.by. Раней яго хацелі перарабіць пад стаматалагічны цэнтр, але на распрацоўку праекта не знайшлося грошай.

Будынак цэнтра творчасці прымыкае да Цэнтральнай паліклінікі. Зараз яна размяшчаецца па адрасе Транспартная, 3 у чатырох- і сяміпавярховым будынках, злучаных паміж сабой. Даведацца падрабязнасці ў адміністрацыі паліклінікі Hrodna.life не ўдалося.

Сам цэнтр «Прамень» зойме размешчаны недалёка будынак «Беларусбанка» на Томіна, 7. Аддзяленне банка там зачынілася 1 ліпеня 2020 года, так паведамлялі прадстаўнікі арганізацыі ў Facebook. Цяпер там ідзе рамонт. Цэнтр творчасці мусіць пераехаць у новыя памяшканні сёлета. Дзяцей і іх бацькоў папярэдзяць пра пераезд загадзя.

Раней у будынку банка хацелі зрабіць стаматалогію

Яшчэ вясной 2021 года будынак банка хацелі рэканструяваць пад гарадскі стаматалагічны цэнтр. Быў абвешчаны тэндэр на пошук праектнай арганізацыі, але яго адмянілі - на праект не знайшлося сродкаў. Падрыхтоўчыя працы ацанілі ў 201 000 рублёў. Грошы павінны былі ўзяць з мясцовага бюджэту. 21 траўня 2020 года з’явілася Пастанова Савета міністраў, згодна з якой будынак збіраліся прадаць Цэнтральнай гарадской стаматалагічнай паліклініцы за 2 451 600 рублёў з растэрміноўкай аплаты на 4 гады.

Чытайце таксама: На Титова построят еще один элитный дом: такой же, как на Буденного, но на больше квартир