Яшчэ 11 чалавек прызналі палітвязнямі ў Беларусі. Гэта затрыманыя па справе «Рабочага руху», паведаміла праваабарончая арганізацыя «Вясна». Сярод іх чатыры гродзенцы — Сяргей Шэлест, Андрэй Пагерыла, Уладзімір Жураўко, Валянцін Цераневіч. Праваабаронцы патрабуюць вызваліць іх і спыніць пераслед.

Таксама палітвязнямі прызналі іншых затрыманых па справе «Рабочага руху». Гэта Дзмітрый Елісееў, Святлана Зыль, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Максім Саковіч, Ганна Аблаб і Аляксандр Капшуль.

«Мы ўпэўненыя, што сапраўдным матывам зняволення пералічаных асобаў з’яўляецца іх негвалтоўная дзейнасць па прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама правамерная рэалізацыя свабоды асацыяцый, свабоды меркаванняў і іх выказвання.

На падставе гэтага мы лічым пераслед і пазбаўленне волі прадстаўнікоў працоўнага руху палітычна матываваным, звязаным з негвалтоўнай дзейнасцю, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», — паведамілі праваабаронцы.

На 28 верасня ў Беларусі 702 палітвязні.


На выхадных 18−19 верасня ў Беларусі пачалі затрымліваць завадчан і стачкамаўцаў. У Гродне затрымалі некалькіх былых і дзеючых супрацоўнікаў «Гродна Азот». Увечары 26 верасня аб сітуацыі распавялі ў сюжэтах дзяржаўных тэлеканалаў. 13 затрыманых стачкамаўцаў і завадчан «Гродна Азот», Беларускага металургічнага завода, Беларускай чыгункі і «Нафтана» знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Распачата справа па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод іх — здрада дзяржаве і стварэнне экстрэмісцкага фармавання. Па першым артыкуле ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, па другім — да 10.

Гісторыя пераследу: