Музея ў Палацы тэкстыльшчыкаў не будзе? Праект на паўзе, будынак могуць выставіць на аўкцыён

Ад пачатку рамонту Палаца тэкстыльшчыкаў гродзенцаў цікавіць будучыня будынка. Тут прапаноўвалі зрабіць мастацкі музей ці галерэю. Хадзілі чуткі, што ў Палацы будзе новы ЗАГС. Але гарадскія ўлады пастанавілі перадаць будынак Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею пад экспазіцыю па гісторыі Гродзенскай вобласці. Як стала вядома Hrodna.life, зараз перспектывы будынка зноў не ясныя. Музейны праект «на паўзе» праз брак фінансавання. Ёсць нават звесткі, што будынак выставяць на продаж.

Канцэпцыю будучай экспазіцыі ў былым Палацы тэкстыльшчыкаў распрацоўваў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Зімой 2021 года нават з’явіліся рэндары, як будуць выглядаць залы новага музея. Зараз наконт адкрыцця экспазіцыі нічога невядома — праект стаіць на паўзе, рассказаў Hrodna.life дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. На гэты год няма фінансавання, удакладніў ён.

Сам будынак былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў могуць выставіць на аўкцыён. Пра гэта Hrodna.life паведаміла крыніца, блізкая да гісторыка-археалагічнага музея.

Будынак выглядае завершаным

Меркавалася, што будынак пасля рэканструкцыі здадуць у верасні 2021 года. Будаўнічыя працы ў ім пачалі ў верасні 2019 года, тэндэр дастаўся «Гроднапрамбуду». Працы вялі на сродкі абласной інвестыцыйнай праграмы. Мусілі замяніць дах, унутраныя драўляныя перакрыцці і інжынерныя сеткі, зрабіць перапланіроўку памяшканняў, адрамантаваць фасады. Зараз будынак выглядае завершаным, але задні фасад застаецца за абгароджай. За ім ідзе будоўля адміністрацыйна-гандлёвага цэнтра на Замкавай, 12.

Партызаны, мамант і гісторыя чыгункі: як планавалі экспазіцыю

Планавалася, што экспазіцыя ў былых «тэкстылях» будзе прысвечана гісторыі Гродзеншчыны, а таксама прадставіць найбольш каштоўныя прыродазнаўчыя калекцыі гісторыка-археалагічнага музея. Такое рашэнне прынялі 21 чэрвеня 2019 года. Менавіта гістарычная і прыродазнаўчая экспазіцыі выклікалі найбольшую цікаўнасць у наведнікаў музея ў Старым замку, палумачылі ва Упраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкааму. Канцэпцыя экспазіцыі мусіла б спалучаць ансамблевыя комплексы і інтэрактыўныя зоны з выкарыстаннем сэнсарных экранаў і іншых аўдыёвізуальных сродкаў. У музеі збіраліся паказаць, напрыклад, гісторыю першай чыгункі ў Беларусі і рынкавай плошчы Гродна, змясціць фотасалон XIX стагоддзя.

У студзені 2020 з’явіліся схемы экспазіцый на трох паверхах: геалагічнае мінулае Зямлі, жывёльны і раслінны свет Гродзеншчыны і гістарычная кампазіцыя Гродна, Гродзенская вобласць у час Другой сусветнай вайны і пасля яе. На апублікаваных праз год рэндэрах былі бачныя шкілет маманта ў натуральную велічыню і пасляваенныя інтэр'еры.

Праектна-каштарысную дакументацыю для прыстасавання будынка пад музей распрацоўваў інстытут «Гроднаграмадзянпраект». Распрацоўкай мастацкага праекта будучай экспазіцыі займаўся Беларускі саюз мастакоў.

Гродзенцы прасілі мастацкі музей

Калі пачалася рэканструкцыя, гродзенскія мастакі, мастацтвазнаўцы і экскурсаводы заклікалі арганізаваць у будынку былога Палаца тэкстыльшчыкаў мастацкі музей з прасторай для сучаснага мастацтва. Спадзяваліся, што ён мог бы стаць часткай музейнага кварталу і сімвалам цэнтральнай плошчы нароўні з Фарным касцёлам. Паводле ініцыятараў звароту да гарадскіх уладаў зараз экспануюць каля 10% таго, што належыць гісторыка-археалагічнаму музею, у запасніках якога знаходзіцца каля 900 карцін. На першым паверсе прапаноўвалі зрабіць арт-салон, кафэ, каворкінг і мультымедыйную залу.

Гродзенцы хацелі, каб Палац стаў сімвалам Савецкай плошчы, як Фарны касцёл

Пазней, у 2020, краязнаўцы збіралі подпісы за адкрыццё ў будынку мастацкай галерэі. Ніводную з гэтых ініцыятыў адміністрацыя горада не падтрымала.

Палац, збудаваны задам наперад

Палац культуры тэкстыльшчыкаў - былы клуб тонкасуконнага камбінату, там размяшчаўся і народны тэатр. Яго збудаваў Гродзенскі абласны будаўнічы трэст № 11 паводле праекту 1947 года архітэктара Рожына. Будынак мусіў быць узорам архітэктуры класіцызму. На яго канчатковы выгляд паўплывала рашэнне ўрада СССР 1955 года аб ліквідацыі празмернасцяў у архітэктуры. Першапачатковы праект скарэктавалі: змяніўся галоўны фасад будынка, які выходзіць на Савецкую плошчу. Яго пазбавілі балконаў і значна спрасцілі карнізы.

Галоўны фасад будынка планаваўся іншым

Другі фасад, які выходзіць да Дома быту, захаваўся без зменаў. Праз гэта некаторыя гродзенцы лічаць, што палац збудавалі задам наперад.

Чытайце таксама: Экскурсія (вакол) аднаго дома. Палац тэкстыльшчыкаў

Магчыма, у XVI стагоддзі тут быў дом караля Баторыя ў Гродне. На месцы Палаца тэкстыльшчыкаў стаяў шэраг камяніц. Самай цікавай з іх лічаць камяніцу Явароўскага. Пабачыць будынак можна на малюнку Напалеона Орды XIX ст.

Палац чакае далейшых зменаў ад лёсу

Апошнія запісы

Матацыкліст усё ж зачапіў нацягнуты ў Пышках дрот — пасткі з’явіліся ў двух новых месцах

Нацягнуты паміж дрэвамі дрот, які знайшлі ў Пышках гродзенскія матацыклісты, апынуўся не адзінай небяспечнай пасткай…

25 лістапада 2024

TikTok: дыскабар з «гарлапанячай музыкай» на Савецкай папсаваў «вайб Гродна»

На вуліцы Савецкай у Гродне на месцы "Дзіцячага свету" адкрылі бар "На Луне". Мяркуючы па…

24 лістапада 2024

У Гродне робяць сувенірную карту для турыстаў. Толькі на рускай мове

"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…

23 лістапада 2024

Паміж могілкамі і «Гродна Азот» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр

На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…

22 лістапада 2024

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024