На доме па вуліцы Карла Маркса, дзе размяшчаецца галерэя «Грышук Арсенал», з’явіцца новы мурал. Ён будзе прысвечаны гісторыі Гродна ў паляўнічых сцэнах. Яго плошча будзе больш за 430 квадратных метраў.

Мурал размесцяць на сцяне будынка № 11, якая выходзіць у двор. Яе ўжо пачалі рыхтаваць, паведамляе NewGrodno.

мурал на тэму палявання ў Гродне
Эскіз будучага мурала на Карла Маркса. Крыніца: newsgrodno.by

Аўтарам мурала стане гродзенскі мастак Уладзімір Качан. Ініцыятар стварэння мурала — Анатоль Грышук, уласнік прыватнай галерэі халоднай зброі «Арсенал». Ідэю падтрымалі гарадскія ўлады.

Паводле эскізу, мурал будзе складацца з 12 арак, у якіх размесцяцца сюжэты на тэму палявання, звязаныя з гісторыяй Гродна.

Завяршыць роспіс збіраюцца да Дня горада, які традыцыйна адзначаюць у верасні.

Дагэтуль адным з самых папулярных сюжэтаў для муралаў на гістарычную тэму ў Гродне, узгодненых з гарадскімі ўладамі, была гравюра Цюндта-Адэльгаўзера. Яе размяшчалі на сцяне каля офіснага цэнтра «Замкавы», на гімназіі № 10 на вуліцы Дзяржынскага і нават на шаурмічнай на Белуша, 4.

Чытайце таксама: «Усё проста зафарбавалі». Захаваць гродзенскія графіці ўдалося толькі на фотаздымках