Новы офісны цэнтр у квартале паміж вуліцамі Мядовай, Лермантава і завулкам Віленскім пачнуць будаваць у кастрычніку. Ён размесціца побач з былым будынкам «Рамбыттэхнікі». Будаўніцтвам будзе займацца прыватная кампанія «ОРРСА». Раней яны будавалі жылыя дамы на вуліцы Будзённага, Цітова і Мендзялеева.
«У нашай кампаніі ёсць досвед і попыт у будаўніцтве. Таму мы працягваем працаваць у гэтым накірунку. Мы зараз завяршаем свае праекты на вуліцы Цітова і Мендзялеева і пачынаем будаўніцтва новага офіснага цэнтра», — распавёў Hrodna.Life дырэктар кампаніі «ОРССА» Роберт Алізаровіч.
Кампанія плануе пабудаваць трохпавярховы будынак агульнай плошчай 2184 кв.м. На першым паверсе размесцяць чатыры памяшканні з асобным уваходам у кожнае. На другім і трэцім паверхах будзе шэсць памяшканняў, кожнае з кандыцыянерам і вадаправоднай сістэмай. У будынку будуць два ліфты і падземная паркоўка на 15 машына-месцаў.

«У планах на будучыню, наша кампанія хоча пабудаваць гандлёвы цэнтр на вуліцы Паўднёвай на Вішняўцы. Акрамя гэтага, мы не плануем спыняцца ў будаўніцтве элітнага жылля, але пакуль няма пляцовак пад будаўніцтва», — распавёў Роберт Алізаровіч.
«Трымаліся гістарычнага модуля»
Новы аб’ект размесцяць за межамі тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта здымае шэраг абмежаванняў. Але разам з тым, офісны цэнтр будзе на тэрыторыі зоны рэгулявання забудовы. Праз гэта на пабудове ёсць абмежаванні па вышыні і этажнасці.

«Новая пабудова не павінна імітаваць гістарычную, каб не ўводзіць у зман чалавека, не звязанага з архітэктурай і гісторыяй, адносна яе гістарычнага перыяду. Чалавек павінен разумець, што не гледзячы на блізкасць гістарычнага цэнтра, перад ім сучасная архітэктура», распавяла Hrodna.Life архітэктарка праекта Ксенія Ігнатава. — «Тым не меньш, мы трымаліся гістарычнага модуля. Спалучэнне сучаснай і гістарычнай забудовы — звычайная еўрапейская практыка».

Пры распрацоўцы праекта архітэктарка натхнялася прыкладамі новай архітэктуры, упісаную ў гістарычную, ў Польшчы і Германіі. Але асноўным фармуючым фактарам з’яўлялася існуючая забудова.
Чытайце таксама:
Хмарачосы, муляжы, шкло і бетон? Што і як будаваць у гістарычным цэнтры Гродна і вакол яго
Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння