Гродзенскі бар “На провадзе” на вуліцы Тэлеграфнай зачыніўся 10 верасня. Прычыны: эканамічная сітуацыя, нерэнтабельнасць і не праходнае месца, расказаў Hrodna.life уладальнік бара Алег Ёрш. 

Бар “На провадзе” адкрыўся ў пачатку жніўня 2020 і прапрацаваў крыху больш за год. У інтэр’еры былі выкарыстаны рэчы з прыватнай калекцыі ўласніка: больш за два дзясяткі тэлефонных апаратаў, лядоўні, плакаты розных эпох, а таксама савецкая тэлефонная будка 1960-х гадоў.

“Калі бар адкрываўся, то ён разлічваўся на турыстаў, якія будуць прыязжаць у Гродна. Але з-за пандэміі каранавіруса турыстаў няма”, – распавёў Hrodna.life уладальнік бара  Алег Ёрш

У Гродне закрыўся бар-музей “На провадзе”. Ён прапрацаваў толькі год
Алег Ёрш паказвае музейныя экспанаты ў бары “На праводзе”. Фота: Hrodna.life

Не толькі адсутнасць турыстаў паўплывала на існаванне бара: “Прыбытак быў прамежкавым, бо ўсё ж такі штомесяц мы рабілі і канцэрты, і прэзентацыі, але месца не праходнае”. Алег ведае, што будынак, у якім месціўся бар, плануюць рэканструяваць.

Зараз Алег Ёрш плануе зрабіць невялікі перапынак. “Перадыхну, пераасэнсую і буду працаваць над новымі ідэямі, якія ўжо ёсць. Бо я чалавек, які не стаіць на месцы”, – распавёў Hrodna.life Алег.

Хто такі Алег Ёрш?

Алег Ёрш — гродзенскі калекцыянер. У 2017 годзе ён адкрыў «Цікавы музей» на вуліцы Замкавай. Там былі сабраны прадметы побыту мінулых стагоддзяў – больш за 600 экспанатаў. Таксама Алег працуе ў напрамку трэш-арту: робіць інсталяцыі з выкінутых рэчаў і праводзіць выставы па ўсё краіне. У красавіку 2021 года “Цікавы музей” закрыўся, бо цану арэнды паднялі ў шэсць разоў.