Экспазіцыю ў гродзенскім Старым замку плануюць адкрыць для наведвальнікаў у канцы верасня, паведамляе «Рэспубліка». Гэта ўжо трэці анонс адкрыцця аб’екту пасля першай чаргі рэканструкцыі. Пачаткова кіраўніцтва музея абяцала адкрыць замак у чэрвені, у ліпені ж казалі пра жнівень.

Ужо падрыхтаваны чатыры экспазіцыйныя залы. Іх пачалі рыхтаваць у траўні 2021 года. Там будуць размешчаны экспанаты, прысвечаныя часам ад XII да XVII стагоддзя: заснаванню горада, барацьбе з крыжакамі, будаўніцтву замка (будзе, між іншым, мініятура замкавай гары ХІІ стагоддзя), часам караля Баторыя

«У зале, прысвечанай Гродну часоў Стэфана Баторыя, ажыве знакамітая старадаўняя гравюра. Таксама можна будзе ўбачыць посуд, упрыгажэнні і іншыя прадметы побыту XVI стагоддзя, знойдзеныя падчас раскопак», — распавёў дырэктар музея Юрый Кітурка.

Як і планавалася, у музейных пакоях з’явяцца інфакіёскі і 3D-праекцыя замка. Інтэр'ераў палаца пакуль не будзе. Акрамя чатырох залаў адкрыюць для наведвання аглядную пляцоўку на тэрасе ля брамнай вежы. Там зроблена падлога з падагрэвам, каб зімой яна не пакрывалася ільдом.

Колькі яшчэ будзе доўжыцца рэканструкцыя?

Улетку 2021 года археолагі праводзілі раскопкі ўздоўж фасадаў палаца. Адшуканыя новыя факты, будуць узяты за аснову праекта другой чаргі рэканструкцыі. Праектныя рашэнні павінны прайсці ўзгадненне ў Міністэрстве культуры. На меркаванне дырэктара музея Юрыя Кітуркі, рэканструкцыя будзе цягнуцца яшчэ не менш за шэсць гадоў.