Журналіст медыясупольнасці “Інформнапалм” і палітвязень Дзяніс Івашын адмовіўся падпісваць пакаяльны ліст Лукашэнку. Пра гэта 7 верасня паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына.
“Пра тое, што Дзянісу перадалі ліст Васкрасенскага ён паведаміў сам. У тым лісце была прапанова прызнацца і напісаць просьбу аб памілаванні”, – распавяла Hrodna.life жонка палітвязня Вольга. – “Ліст дайшоў да Дзяніса прыкладна месяц таму. Гэта пры тым, што чужых лістоў яму не даходзіць ніякіх”.
Вольга лічыць, Дзяніс зрабіў правільна, што не падпісаў гэты ліст. – “Ён ні ў чым не вінаваты, ніякіх злачынстваў не чыніў, яму няма ў чым прызнавацца і за што прасіць прабачэння ў дзяржавы”.
Журналіста затрымалі ўвечары 12 сакавіка. У яго дома, на дачы, а таксама ў бацькоў супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы. 15 сакавіка Івашына пакінулі пад вартай у ІЧУ на Кірава, 1 на два месяцы. 18 траўня яму працягнулі тэрмін утрымання яшчэ на два месяцы. Дзяніс праходзіць падазраваным па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса — умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.


