Журналіста InformNapalm і газеты «Новы Час» Дзяніса Івашына пасля затрымання 12 сакавіка пакінулі ў СІЗА № 1 Гродна. У яго дома, на дачы і ў бацькоў прайшлі вобыскі.

Дзяніс праходзіць падазраваным па справе па арт.365 КК — умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Ператрус правялі некалькі супрацоўнікаў КДБ. Па словах жонкі Дзяніса Вольгі, канфіскавалі ўсе носьбіты інфармацыі - тэлефоны, ноўтбукі, кампутары, сімкарты, банкаўскія карты, нататнікі, грошы. А таксама канфіскавалі дробязь — сцяжкі, значкі, візітоўкі. «Вельмі цікавіла ўсё, звязанае з Украінай», — напісала пра ператрус жонка Дзяніса Івашына Вольга. Ператрус доўжыўся некалькі гадзін і скончыўся пасля паўночы.

Праз трое сутак, каля 17.40 15 сакавіка скончацца 72 гадзіны затрымання: Дзяніса альбо пакінуць пад вартай, альбо адпусцяць пад падпіску аб нявыездзе.

Дзяніс Івашын  — рэдактар беларускай версіі і журналіст медыя informnapalm. Займаецца пераважна расследаваннямі. Ён пісаў пра санаторыі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі ў Крыме, пра сітуацыю з Covid-19, рабіў расследаванне пра беркутаўцаў ды інш.

В Гродно задержали журналиста Дениса Ивашина