Пракуратура Гродна падала ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці пазоў аб ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя», якое з’яўляецца ўласнікам сайта Hrodna.life. Пра гэта стала вядома 2 жніўня. У працы фірмы пракурор убачыў «дзейнасць забароненую заканадаўчымі актамі». Падрыхтоўчае судовае пасяджэнне пройдзе 11 жніўня ў 14:50 у Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці.

У заяве, пададзенай «у мэтах абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў», пракурор Уладзімір Клішын сцвярджае, што «Гродна Лайф Медыа» праводзіць дзейнасць, забароненую законам. Перадусім маюцца на ўвазе нібыта парушэнні Закону аб СМІ.

Улады ліквідуюць “Гродна Лайф Медыя”. Прычына: “дзейнасць забароненая заканадаўчымі актамі”
Іскавая заява ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці. Фота: Hrodna. life

Пракурор спасылаецца на два штрафы за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія фірме прысудзілі ў сакавіку і чэрвені 2021 года. Таксама ён спасылаецца на Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму і ўзгадвае, што тэлеграм-канал выдання 9 ліпеня суд прызнаў экстрэмісцкім.

Згодна з Грамадзянскім кодэксам і Палажэннем аб ліквідацыі, суд можа ліквідаваць юрыдычную асобу за неаднаразовыя або грубыя парушэнні закону.

«Прыватныя фірмы ствараюць новыя працоўныя месцы, плацяць падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны. Дзяржаўныя органы павінны спрыяць развіццю бізнесу, а не змагацца з ім. Вельмі крыўдна, што такім чынам, праз ліквідацыю паспяховай фірмы, улады змагаюцца з найлепшым рэгіянальным выданнем краіны. Але ж Hrodna. life гэта не юрасоба, а перадусім людзі, якія ствараюць сайт. Думаю, мы знойдзем спосаб застацца з нашымі чытачамі і працаваць далей на карысць горада, што мы і рабілі заўсёды», — кажа Аляксей Шота, дырэктар «Гродна Лайф Медыя» і галоўны рэдактар Hrodna.life.

Якія суды перажыла рэдакцыя Hrodna. life за апошнія паўгода

За першае паўгоддзе 2021 года рэдакцыю Hrodna.life двойчы судзілі за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП у рэдакцыі 2003 г. і арт. 19.11 КаАП у рэдакцыі 2021 года).

Першы суд адбыўся 19 сакавіка: тады фірму аштрафавалі на 400 базавых велічынь (11 600 рублёў), а Аляксея Шоту як фізасобу — на 25 базавых (725 рублёў). Таксама канфіскавалі адзін ноўтбук. Рэшту вынятай з рэдакцыі тэхнікі вярнулі толькі ў ліпені.

У чэрвені рэдактара спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік асудзілі на 25 базавых велічынь (725 рублёў) — таксама за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да суда Ірына знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання. Ёй забаранялі сядзець у дзённы час, яна адмовілася ад ежы.

Другі суд адбыўся 18 чэрвеня. Штраф 14 500 рублёў прысудзіла рэдакцыі Hrodna.life Ганна Леусік. Згодна з яе рашэннем, рэдакцыя нібыта адмыслова распаўсюдзіла фотаздымак з канала, які ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.