Вынікі штогадовага конкурса Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыя падвялі 6 лістапада. Сёлета ў спаборы удзельнічалі 13 незалежных рэгіянальных медыяў, 96 аўтараў і амаль 300 матэрыялаў. Галоўную намінацыю конкурса — найлепшае медыя года — журы прысудзіла Hrodna.life. Таксама журналісты сайта сталі пераможцамі і намінантамі ў васьмі тэматычных раздзелах конкурса.

Летась Hrodna.life прызналі найлепшым сайтам, а журналісты прывезлі з цырымоніі ўзнагароджання 7 дыпломаў. Сёлета гродзенцы атрымалі найвышэйшую ўзнагароду журы.

У намінацыі «Фота» журы адзначыла працу Руслана Кулевіча пра «Маўклівы» перформанс у памяць ахвяраў Халакосту.

У намінацыі «Экалогія» адзначаны матэрыял Таццяны Сідлярэвіч «Злавіў хайп і стаў фермерам. Праграміст з Гродна закопвае грэчку ў зямлю і вырошчвае ягады годжы».

У намінацыі «Культура» вылучылі працу Таццяны Сідлярэвіч «У Навагрудку не могуць сабраць грошы на памятны знак сям'і, якая ратавала яўрэяў з гета».

Сярод матэрыялаў на беларускай мове журы адзначыла матэрыял Ірыны Новік «Сям'я з Гродна перавяла дзяцей у вясковую школу — далей ад каранавіруса. Вось што атрымалася».

Надзея Вішнеўская з артыкулам «Мы любого убьем, но вам город не отдадим». О чем рассказали гродненцы, пришедшие снимать побои в судмедэкспертизу" стала намінанткай у раздзеле «Сацыяльны рэпартаж».

У намінацыі «Відэа» найлепшым стаў рэпартаж Эміліі Комар і Андрэя Ломава пра жанчын у беларускай палітыцы.

Найлепшымі сацыяльнымі акцыямі прызнаны супольны праект Hrodna.life і Гродзенскага дзіцячага хоспіса «Супрэматызм. Мастацтва. Дабрачыннасць» ды выданне кнігі «Гарадзенкі».

Перамога ў конкурсе Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальных медыя — не адзінае прызнанне 2020 года. Сёлета Hrodna.life таксама атрымаў высокія адзнакі ў маніторынгу выканання прафесійных стандартаў MediaIQ.

Hrodna.life прызналі найлепшым рэгіянальным медыя 2020 года ў Беларусі