У міжнародны Дзень памяці ахвяраў Халакосту акцёры фрык-тэатра «Гексаген» прайшлі ў касцюмах вязняў гета па цэнтры Гродна. Акцыю арганізавалі, каб нагадаць гараджанам пра загінуўшых у лагерах смерці суайчынніках.

У мінулым годзе ў гэты дзень Hrodna.life разам з фрык-тэатрам правялі экскурсію па тэрыторыі гродзенскага гета. У гэтым годзе акцёры вырашылі зрабіць «маўклівы» перфоманс, а сумесную экскурсію перанесці на сакавік.

Кіраўнік фрык-тэатра «Гексаген» Васіль Калач адзначыў, што перформанс — гэта даніна памяці гродзенцам, якія загінулі ў лагерах смерці падчас Другой сусветнай.

«Мы, артысты фрык-тэатра «Гексаген», не юдэі. Тэма ахвяраў Халакосту — толькі частка нашай працы. Але гродзенскае гета — гістарычная рэальнасць нашага горада. Сведчанне болю, крыві, бруду і слёз. Сведчанне жахлівых злачынстваў азвярэлых фанатыкаў. Сведчанне ўнутранага гераізму жыхароў Гродна — яўрэяў-ахвяраў Халакосту і тых, хто, рызыкуючы жыццём, ратаваў іх пасля расфарміравання гета.

Мы не ўмеем пісаць артыкулы, працаваць з архівамі, ладзіць маніфестацыі. Мы ўмеем іншае. Мы ўмеем пагрузіцца ва ўспаміны. Прапусціць праз сваю душу. І пражыць для тых, хто на нас глядзіць усё тое, пра што глядач можа нават не здагадвацца. І мы робім гэта.

Нам не ўсё адно. Гэта гісторыя нашага горада. Гэта тое, што не павінна паўтарыцца. І мы стараемся данесці не голую інфармацыю, але суперажыванні. Перажывайце разам з намі".

Даведка

27 студзеня свет адзначае Дзень памяці ахвяр Халакосту. У гэты дзень у 1945 годзе Чырвоная армія вызваліла адзін з самых страшных канцлагераў Другой сусветнай вайны — Аўшвіц-Біркенаў. У 1947 году тэрыторыя лагера была пераабсталяваная ў музей, а ў 1979 годзе мемарыяльны комплекс быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Штогод у музей прыязджаюць сотні тысяч чалавек з усяго свету. Дакладную колькасць загінулых у Асвенціме высветліць немагчыма, бо многія дакументы былі знішчаныя. Сучасныя гісторыкі сыходзяцца ў меркаванні, што ў Асвенціме было знішчана каля паўтара мільёна чалавек. Большасць з іх — яўрэі.


Чытайце таксама:

«Чувствовали себя свободными только во сне». Гроденцы читают дневник узника гетто

Выжыў толькі адзін працэнт. Як гродзенскiх яўрэяў сагналі ў гета каб знішчыць

«Мы все дети смешанных браков». Как в Гродно танцевали еврейские танцы

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.