Пракуратура Гродна падала ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці пазоў аб ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя», якое з’яўляецца ўласнікам сайта Hrodna.life. Пра гэта стала вядома 2 жніўня. У працы фірмы пракурор убачыў «дзейнасць забароненую заканадаўчымі актамі». Падрыхтоўчае судовае пасяджэнне пройдзе 11 жніўня ў 14:50 у Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці.
У заяве, пададзенай «у мэтах абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў», пракурор Уладзімір Клішын сцвярджае, што «Гродна Лайф Медыа» праводзіць дзейнасць, забароненую законам. Перадусім маюцца на ўвазе нібыта парушэнні Закону аб СМІ.
Пракурор спасылаецца на два штрафы за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія фірме прысудзілі ў сакавіку і чэрвені 2021 года. Таксама ён спасылаецца на Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму і ўзгадвае, што тэлеграм-канал выдання 9 ліпеня суд прызнаў экстрэмісцкім.
Згодна з Грамадзянскім кодэксам і Палажэннем аб ліквідацыі, суд можа ліквідаваць юрыдычную асобу за неаднаразовыя або грубыя парушэнні закону.
«Прыватныя фірмы ствараюць новыя працоўныя месцы, плацяць падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны. Дзяржаўныя органы павінны спрыяць развіццю бізнесу, а не змагацца з ім. Вельмі крыўдна, што такім чынам, праз ліквідацыю паспяховай фірмы, улады змагаюцца з найлепшым рэгіянальным выданнем краіны. Але ж Hrodna.life гэта не юрасоба, а перадусім людзі, якія ствараюць сайт. Думаю, мы знойдзем спосаб застацца з нашымі чытачамі і працаваць далей на карысць горада, што мы і рабілі заўсёды», — кажа Аляксей Шота, дырэктар «Гродна Лайф Медыя» і галоўны рэдактар Hrodna.life.
Якія суды перажыла рэдакцыя Hrodna.life за апошнія паўгода
За першае паўгоддзе 2021 года рэдакцыю Hrodna.life двойчы судзілі за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 17.11 КаАП у рэдакцыі 2003 г. і арт. 19.11 КаАП у рэдакцыі 2021 года).
Першы суд адбыўся 19 сакавіка: тады фірму аштрафавалі на 400 базавых велічынь (11 600 рублёў), а Аляксея Шоту як фізасобу — на 25 базавых (725 рублёў). Таксама канфіскавалі адзін ноўтбук. Рэшту вынятай з рэдакцыі тэхнікі вярнулі толькі ў ліпені.
У чэрвені рэдактара спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік асудзілі на 25 базавых велічынь (725 рублёў) — таксама за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да суда Ірына знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання. Ёй забаранялі сядзець у дзённы час, яна адмовілася ад ежы.
Другі суд адбыўся 18 чэрвеня. Штраф 14 500 рублёў прысудзіла рэдакцыі Hrodna.life Ганна Леусік. Згодна з яе рашэннем, рэдакцыя нібыта адмыслова распаўсюдзіла фотаздымак з канала, які ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.