У “Каралінскім фальварку Тызенгаўза” пад Гродна 30 ліпеня павінна была адбыцца музычная імпрэза “Вечар каля млына”. Але за тры дні арганізатары і музыкі паведамілі пра адмену мерапрыемства. Прычына – адсутнасць дазвола ад райвыканкама.
“Тое, што нам сказалі арганізатары, выглядала наступным чынам. Дырэктару фальварка патэлефанавалі з райвыканкама і задалі пару пытанняў: чаму мерапрыемства не запісана ў іх спісах, чаму не наймаем МНС, хуткую дапамогу і ахову? Адпаведна, няма дазвола на правядзенне. І па выніку ў нас COVID-19 і ўвогуле нельга праводзіць нічога”, – распавёў Hrodna.life адзін з музыкаў.

У мерапрыемстве планавалі ўзяць удзел гурты: “PTBS”, “Nickogloire”, “The caves” і “Grodno-Hard-Blues-Band”.
Па словах музыкаў з гурту “PTBS”, на канцэрт збіралася шмат чалавек, бо на іх першы выступ з-за абмежаванасці месца патрапілі не ўсе жадаючыя.
“Мы проста перанеслі мерапрыемства. На якую дату – пакуль невядома”, – распавёў Hrodna.life арганізатар Ігар Бірюкоў.
Адмена мерапрыемства засмуціла музыкаў. “Шмат знаёмых хацелі прыйсці, да і сама падрыхтоўка з нашага боку была вельмі напружнай”.
У любым выпадку арганізатары будуць спрабаваць атрымаць дазвол ад уладаў і правесці імпрэзу да канца лета.
Датэлефанацца ў Гродзенскі райвыканкам, каб атрымаць каментар наконт адмены мерапрыемства, у рэдакцыі Hrodna.life не атрымалася.
Месяц таму, 25 чэрвеня адбываўся папярэдні “Вечар каля млына”. Тады ніякіх пытанняў у райвыканкама не ўзнікла.


