На Вялікай Траецкай плануюць абустроіць шматузроўневы паркінг замест цяперашняй вялікай паркоўкі. Такая ідэя закладзена ў праекце дэталёвага плану цэнтра Гродна. Гісторыкі ж лічаць, што там мусіць быць сквер: паркоўка знаходзіцца на месцы старых яўрэйскіх пахаванняў, і паводле закону, узводзіць там капітальныя пабудовы забаронена. З прапановамі гісторыкі звярнуліся ў гарвыканкама. Вось што адказалі чыноўнікі.
Будоўля супярэчыць закону. Што расказалі гісторыкі?
Гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон і гісторык і ад’юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта Юры Гардзееў даслалі ліст ва ўпраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Hrodna.life азнаёмілася з яго зместам.
Старажытныя яўрэйскія могілкі знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай стаянкі на вул. Вялікай Траецкай з XV ст. Яны функцыянавалі фактычна да пачатку ХІХ ст. У часы Другой сусветнай вайны там хавалі памерлых вязняў гродзенскага гета № 1.
У лісце спецыялісты тлумачаць, што капітальнае будаўніцтва на гэтым месцы з выемкай грунту супярэчыць нарматыўным дакументам, паводле якіх тэрыторыя ўваходзіць у ахоўную зону культурнага слоя. Гэта прадугледжвае рэжым абмежаваных земляных і будаўнічых работ.
Да таго ж такія работы прывядуць да фактычнага знішчэння пахаванняў. Згодна з Законам аб пахаванні і пахавальнай справе, капітальныя пабудовы, акрамя культавых і мемарыяльных, на месцы старых пахаванняў забароненыя. У такіх месцах дазволена ўладкоўваць толькі скверы ці паркі.

Парк ці паркінг?
Замест паркінгу гісторыкі прапануюць стварыць на Вялікай Траецкай сквер як месца памяці.
Ідэя зрабіць сквер на гэтым месцы з’явілася яшчэ паўтара стагоддзі таму. У 1874 г., зыходзячы з санітарных меркаванняў, гарадскія ўлады планавалі пасадзіць на месцы старых яўрэйскіх могілак дрэвы. Яўрэйская грамада пагадзілася. Адзінай умовай галоўнага рабіна было не кранаць надмагільныя камяні. У праектным плане Гродна, апублікаваным у 1882 г., на месцы тых самых могілак планавалі разбіць скверык. Аднак гэтыя планы не былі рэалізаваны.
Тэрыторыя могілак заставалася некранутай да Другой сусветнай вайны. А ў савецкі час тут зрабілі аўтастаянку і пабудавалі грамадскую прыбіральню.

Якім сквер можа быць сёння?
Адным з важных акцэнтаў сквера як месца памяці на Вялікай Траецкай мусіць быць мастацкая кампазіцыя, якая б складалася са старажытных надмагільных помнікаў (мацэваў), мяркуюць гісторыкі. Мацэвы знайшлі ў рэчышчы Гараднічанкі і на месцы аўтастаянкі на вуліцы Вялікай Траецкай падчас будаўнічых работ. Таксама важным спецыялісты лічаць аднаўленне могілкавай брамы, якая візуальна вызначала б межы могілак.

Гісторыкі мяркуюць, што сквер з захаванымі надмагіллямі будзе з’яўляцца не толькі духоўным сімвалам, але і выконваць функцыі скансэна — помніка матэрыяльнай культуры яўрэйскага народа. Такое рашэнне ўпісалася б у канцэпцыю Гродна як горада-музея. Акрамя таго, сквер як месца памяці мог бы стаць адным з элементаў турыстычнай прапановы горада.
Чытайце таксама: Як знікаюць старыя могілкі ў Гродне. Топ-7 ракурсаў «да» і «пасля»
Што адказаў гарвыканкам
У пачатку ліпеня з гарвыканкаму прыйшоў адказ за подпісам намначальніка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Казіміра Гецевіча: прапановы даслалі распрацоўшчыкам. Акрамя таго, на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічага савета прышлі да высновы, што шматузроўневы паркінг на Вялікай Траецкай мэтазгодна не будаваць.
Навошта на Траецкай большы паркінг
Зараз паркоўка на Вялікай Траецкай — самая вялікая ў цэнтры горада. Летам 2020 года паркоўку абнавілі ў межах рэканструкцыі вуліцы Вялікай Траецкай. Цяпер яе агульная плошча роўная плошчы праезнай часткі вуліцы — каля 6000 кв.м.
Адна з асноўных ідэй дэталёвага плана, разлічанага на 10 гадоў, — стварыць абвадное кола вакол цэнтра для аўто, якія едуць на іншы бераг Нёмана, і бястранспартную пешаходную зону. Яна мусіць утварыцца ў межах вуліц Давіда Гарадзенскага, Вялікай Траецкай, Віленскай, Ажэшкі і Сацыялістычнай.

У такім выпадку паўстане пытанне, дзе пакідаць аўтамабілі, на якіх гараджане прыязджаюць у цэнтр. Для яго рашэння аўтары дэталёвага плану прапанавалі месцы размяшчэння новых парковак:
- двухпавярховы паркінг на Вялікай Траецкай;
- шматпавярховыя паркінгі ўздоўж Будзёнага;
- паркінг на поўдзень ад Цэнтральнага рынка паміж вуліцамі Белуша і Падольнай;
- шматпавярховы паркінг на кальцы ля скрыжавання вуліцы Вясенняй і працягу праспекта Будаўнікоў;
- наземны паркінг зменнай паверхавасці за аблвыканкамам;
- падземны паркінг каля чыгуначнага вакзала;
- падземны паркінг на плошчы Савецкай;
- невялікі падземны паркінг на плошчы Леніна;
- падземны паркінг у раёне Гарадской клінічнай бальніцы № 2;
- падземны паркінг на тэрыторыі Турмы № 1 у выпадку яе вынасу з межаў цэнтра горада.
Пры гэтым паркоўку ля сінагогі мяркуюць прыбраць або істотна зменшыць. Для турыстычных аўтобусаў прапаноўвалі выкарыстоўваць якраз абноўлены паркінг на Вялікай Траецкай.
Праект дэтальнага планавання цэнтра распрацавалі ў «БелНДІПгорадабудаўніцтва». У яго аснове — зацверджаны генплан развіцця горада да 2030 года. Тэрыторыя, якую ахоплівае дэталёвы план, цалкам уключае ў сябе гісторыка-культурную каштоўнасць «Гістарычны цэнтр горада Гродна». Пасля ўліку атрыманых у часе грамадскіх абмеркаванняў прапановаў і заўвагаў праект пройдзе шэраг экспертызаў і ўзгадненне з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі. Не ўсе прапановы аўтараў праекта могуць патрапіць у выніковы варыянт. Усе ўзгадненні павінны завяршыць да жніўня 2021 года.
Чытайце таксама: