Затрыманні за абразы службовых асоб працягваюцца ў Гродне. Жыхарку Наваградка Ірыну Трафімік асудзілі, бо яна ўзяла ў рукі бел-чырвона-белы сцяг, калі яе папрасіў міліцыянт. У гродзенскіх актывістаў і журналістаў прайшлі ператрусы — па справе аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і па «тэрарызме». Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 12 да 18 ліпеня.

Абразіў прэзідэнта і дзяржслужачых

37-гадовага шматдзетнага вадзіцеля-міжнародніка з Гродна затрымалі за «абразы прэзідэнта і дзяржслужачых», а таксама «пагрозы расправай над міліцыянтамі». У дачыненні да яго распачалі крымінальныя справы за абразы прэзідэнта і службовых асоб. Таксама ідзе праверка па фактах распальвання сацыяльнай варожасці і пагрозы прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Мужчына з мінулага года неаднаразова размяшчаў у Telegram-каналах негатыўныя каментары ў адрас службовых асоб і праваахоўнікаў, заклікаў да гвалту над імі, лічаць у міліцыі.

У кватэры затрыманага былі выяўленыя дымавыя шашкі, піратэхніка, газавыя балончыкі, лазеры.

У Галіны Дербыш — сінякі пасля карцэра

Зняволеную Галіну Дзербыш трое сутак трымалі ў карцэры гродзенскай турмы. Увесь гэты час ёй не давалі таблетак. Выйшла яна адтуль з сінякамі на твары і пабітымі нагамі. Магчыма, яна падала з-за дрэннага самаадчування. Жанчына працягвае заставацца ў адзіночнай камеры, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Галіну Дзербыш затрымалі 10 снежня 2020 года. Пенсіянерку затрымалі пасля ператрусу па арт. 289 КК «Акт тэрарызму». Яна — фігурантка «справы Аўтуховіча».

Чытайце таксама:

Слонімскіх актывістаў выклікаюць у міліцыю

Актывістаў са Слоніма выклікаюць у Слонімскі РАУС. Позвы ў міліцыю атрымалі Алесь Масюк, Віктар Марчык, Міхаіл Сашко.

Ім неабходна ў панядзелак, 19 ліпеня, з]явіцца да маёра міліцыі Мацкевіча. Ён адзначыў, што іх выклікаюць для прафілактычнай гутаркі. Позвы да розных міліцыянтаў атрымалі яшчэ каля 10 слонімцаў. Перш за ўсё выклікаюць тых, хто ў мінулым годзе праходзіў па артыкуле 23.34 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», паведамляе «Гарадзенская вясна».

Патрымала сцяг па просьбе міліцыі - атрымала суткі

Жыхарку Наваградка Ірыну Трафімік асудзілі, бо яна ўзяла ў рукі бел-чырвона-белы сьцяг, калі яе папрасіў міліцыянт. Прысуд вынес суд Дзятлаўскага раёну 8 ліпеня, паведамляе «Свабода».

Суд Дзятлаўскага раёну Горадзенскай вобласьці прызнаў Ірыну Трафімік вінаватай у незаконным пікетаваньні зь лёзунгамі 19 чэрвеня, калі яна адпачывала ў лесе ля ракі Моўчадзь, паблізу вёскі Баравікі Дзятлаўскага раёну.

Паводле пратаколу, жанчына «публічна дэманстравала сьцяг бел-чырвона-белай афарбоўкі, які быў у яе руках, пры гэтым выгуквала лёзунг „Жыве Беларусь!“».

Ірына віны не прызнала. Яна расказала, што прыехала пакупацца. Неўзабаве на месца адпачынку прыехаў міліцыянт, бо на адным з намётаў каля ракі нехта ўстанавіў бел-чырвона-белы сьцяг.

Выявілася, што сьцяг належыць жыхару Наваградка Віктару Мацкевічу. Яго затрымалі за гэта і асудзілі на 30 дзён арышту.

Побач з намётамі нехта паставіў яшчэ адзін бел-чырвона-белы сьцяг. Каму ён належаў, ня высьветлілі. Міліцыянт папрасіў Ірыну Трафімік, якая стаяла побач, аднесьці сьцяг у машыну міліцыі. Тая так і зрабіла. Калі яна брала сьцяг у рукі, сказала: «Жыве Беларусь». У той момант да яе прэтэнзій у міліцыі не было.

Ірыну затрымалі празь некалькі дзён на судзе ў Мацкевіча, калі яна абуралася тым, якія паказаньні даюць сьведкі-міліцыянты ў судзе. Праз гэта ў яе ўзьнік канфлікт з намесьнікам начальніка Дзятлаўскага РАУС Уладзімерам Сьвятохам. Тады Трафімік даведалася, што яе вінавацяць у «незаконным пікетаваньні».

Ірына Трафімік — маці дваіх непаўналетніх дзяцей. Раней яе звольнілі з працы на «Водаканале» пасьля ранейшага суду за «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Чарговы суд па «справе Сакалоўскага»

У судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна 15 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Сакалоўскага. За падзеі 6 верасня 2020 года яго абвінавацілі па арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), паведамляе «Вясна».

Пацярпелых амапаўцаў дапыталі 14 чэрвеня і 5 ліпеня. Яны супярэчылі сваім ранейшым паказанням, адмаўляліся ад сваіх ранейшых матэрыяльных патрабаванняў да абвінавачанага.

15 ліпеня працягнуўся допыт астатніх пацярпелых, а таксама сведкаў (таксама супрацоўнікаў АУС). Пацярпелы Базылевіч не з’явіўся, а Лісаў выступаў на судовым пасяджэнні, знаходзячыся за шырмай. Іх дадзеныя залегендзіраваны.

Суддзя Маргарыта Ланцэвіч прапанавала Лісаву праглядзець 10-хвіліннае відэа з падзей 6 верасня. Сябе там Лісаў ўбачыў тройчы (пазнаў «па вачах»), а вось Сакалоўскага — ні разу.

«Не бачыў і на відэа Сакалоўскага няма, там мітусня была, я не ведаю, хто мяне штурхаў. Я ў вочы Сакалоўскага не бачыў, не ведаю», — растлумачыў Лісаў.

Затым суд прыступіў да допыту сведак. Таксама за шырмай. Сведкі Валянцін Сташэўскі, Ігар Шабанаў і Ангеліна Нагорная не ведаюць Сакалоўскага.

Суддзя вырашыла паўтарыць выклік на судовы працэс пацярпелага і сведкі, якія не явіліся. Акрамя гэтага, плануецца выклік 14-ці незалегендзіраваных сведак. У судзе абвешчаны перапынак да 19 ліпеня, 14.45.

Чытайце таксама:

Коратка:

  • Штраф Hrodna.life застаўся максімальным: абласны суд не задаволіў скаргу рэдакцыі.
  • У праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый — ператрусы. У Гродне затрымалі Віктара Сазонава.
  • У гродзенскую грамадскую арганізацыю «Цэнтр «Трэці сектар» прыйшлі з ператрусам.
  • Пацярпелы гродзенскі амапавец просіць пакараць трох жанчын мінімальна.
  • У старшыні «Грамадзянскага форуму» Маргарыты Савіцкай у Гродне прайшоў ператрус.
  • У гродзенскіх і актывістаў журналістаў адбыліся ператрусы.
  • Адкрыццё новага моста ў Гродне перанеслі другі раз — на яго павінен быў прыехаць Лукашэнка.
  • Лісты ад палітвязня Дзяніса Івашына не прыходзяць ужо 46 дзён. У яго пагоршыўся зрок і здароўе ў цэлым.
  • Скаргу Вольгі Верамеенка разгледзяць 22 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе. Раней яе асудзілі за пікетаванне.
  • Віктара Сазонава прызналі палітвязнем. Неўзабаве ён выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе.
  • Ператрус таксама прайшоў у Лідзе ў Таццяны Грыцук — яна сведка па справе аб масавых беспарадках.
  • Аляксандр Салейка са Слоніма праходзіць па справе аб тэрарызме, у яго таксама прайшоў ператрус.

Чытайце также: