Самаізаляцыю для тых, хто з’яўляецца кантактамі першага ўзроўню з хворымі на каранавірус, скароцяць з 10 да 7 дзён. Тое ж датычыць самаізаляцыі для тых, хто прыязджае ў Беларусь з некаторых краін. Змены ўвойдуць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання адпаведнай пастановы Савета Міністраў.
14 ліпеня Савет Міністраў прыняў пастанову № 401, якая уносіць змены ў папярэднія пастановы (ад 8 красавіка 2020 г. № 208 «Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства» і ад 30 кастрычніка 2020 г. № 624 «Аб мерах па прадухіленні распаўсюджвання інфекцыйнага захворвання»).
Так, людзям, якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню з хворымі на COVID-19, трэба будзе выконваць самаізаляцыю цягам 7 каляндарных дзён з даты апошняга кантакту. Таксама да 7 дзён скараціцца самаізаляцыя для тых, хто прыбыў з краін са спецыяльнага спісу на сайце Мінздароўя, і для тых, хто ехаў праз гэтыя краіны транзітам.
Патрабаванне аб часовым прыпыненні перасячэння мяжы на ўезд у Беларусь для замежнікаў не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь для вучобы і паступлення (трэба будзе прад’явіць адпаведныя дакументы), для вакцынацыі, а таксама на грамадзян Расіі, якія прыехалі ў Беларусь з Калінінградскай вобласці цягніком без перасадак.
Для пацверджання адсутнасці COVID-19 замежнікам, старэйшым за 6 гадоў, падыдзе арыгінал ці копія медыцынскай даведкі на папяровым носьбіце або ў электронным выглядзе, у тым ліку ў сістэме «Падарожнічаю без COVID-19». Грамадзяне дзяржаў - членаў ЕАЭС, старэйшыя за 6 гадоў, будуць прад’яўляць адмоўны вынік даследавання на COVID-19 з мабільнага дадатка «Падарожнічаю без COVID-19».
Пастанова ўступіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання на партале pravo.by. На момант публікацыі яго там яшчэ не было.
Чытайце таксама: