З-за павялічэння колькасці хворых на каранавірус, Мінздраў прапанаваў перанесці вечар сустрэчы выпускнікоў. Сустрэчу хочуць правесці «пасля стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі». А ў суботу 5 лютага прапануюць сустрэцца ў сацыяльных сетках альбо праз відэасувязь.

«З улікам развіцця дыстанцыйных сродкаў камунікацый прапануем былым аднакласнікам, выпускнікам разнастайных гадоў і педагогам правесці сустрэчы ў сацыяльных сетках альбо пасродкам праграм для арганізацыі відэканферэнцый», — напісалі ў тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя.

Упраўленне адукацыі адмяніла сустрэчы ў школах

Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама 3 лютага прыняла рашэнне: не праводзіць вечары сустрэчы выпускнікоў у памяшканнях устаноў адукацыі. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны прыняць рашэнне аб адмене, пераносе альбо правядзенні вечароў у іншым фармаце і паведаміць на сайтах устаноў адукацыі.

Калі адбываецца вечар сустрэчы выпускнікоў

Вечар сустрэчы выпускнікоў адбываецца штогод у першую суботу лютага. У 2022 годзе гэты дзень 5 лютага.