У Шчучыне 12 ліпеня заклалі камень у аснову помніка Шарлю дэ Голю. На закладцы прысутнічаў пасол Францыі ў Беларусі Ніколя дэ Лакост. Помнік фінансуецца сумесна бюджэтам Шчучынскага раёна і французскім прадпрымальнікам.
“Гэты помнік аб’ядноўвае Беларусь і Францыю ў старонцы агульнай гісторыі. Першая Сусветная вайна не атрымала яшчэ такой увагі, як іншыя вайсковыя канфлікты, што былі ў Беларусі. Тым не менш, і баі, і іншыя падзеі гэтай вайны адбываліся менавіта тут”, – распавёў Hrodna.life пасол Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лакост.

“Фігура генерала дэ Голя аб’ядноўвае народы далёка за межамі Францыі. Яго пасланне надзеі і супрацьстаяння ворагу ўсё яшчэ сваечасова, пры любых абставінах. У тым ліку тут, у Шчучыне, сфармаваўся адзін з бакоў яго асобы: ніколі не губляць баявы дух пры самых беспрасветных абставінах”.
Хто такі Шарль дэ Голь і чаму яму паставяць помнік у Шчучыне?
Шарль дэ Голь – прэзідэнт Францыі ў 1959-69 гг. У гады Другой Сусветнай вайны – прадстаўнік французскага камітэта нацыянальнага вызвалення. Падчас Першай Сусветнай вайны з чэрвеня па кастрычнік 1916 года дэ Голь знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у Шчучыне. Зараз на месцы лагера знаходзіцца завод “Аўтапровад”.
Хто фінансуе стварэнне помніка?
У конкурсе эскізаў помніка 16 кастрычніка 2020 года перамог супольны праект скульптара Мікалая Байрачнага і архітэктараў Валерыя Мусіенкі і Алены Дзяміды. Фінансуе праект як бюджэт Шчучынскага раёна, так французскі прадпрымальнік Онган Мардэніз. Ён быў адным з першых замежных інвестараў у беларускім IT-сектары.
Што яшчэ звязанае з Шарлем дэ Голем плануецца ў Шчучыне?
Некалькі фотаздымкаў капітана дэ Голя ў Шчучыне ў чэрвені – кастрычніку 1916 года зараз выстаўлены ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі (былы палац Друцкіх-Любецкіх). Некаторыя іншыя раней неапублікаваныя здымкі будуць таксама выстаўлены пры дапамозе Фонда генерала Шарля дэ Голя ў Францыі.
“Мы прапанавалі уладам Шчучына, каб адна з вуліц насіла імя генерала дэ Голя, які шмат зрабіў для падтрымання міру ў Еўропе. Спадзяемся, што ўсталёўка гэтага помніка прыцягне ў Шчучын французкіх падарожнікаў і турыстаў з іншых краін пасля адкрыцця межаў”, – распавёў пасол Нікаля дэ Лакост.


