У адзін дзень сілавікі прыйшлі да супрацоўнікаў брэсцкага, аршанскага і баранавіцкага рэгіянальных незалежных навінавых выданняў.

Раніцай 8 ліпеня да рэдактара аршанскага рэгіянальнага партала Orsha.eu Ігару Казмерчаку і фатографу выдання Дзянісу Дубкову прыйшлі з ператрусам супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Гэта адбылося каля 6-й раніцы. У Ігара Казмерчака канфіскавалі ноўтбук і мабільны тэлефон, а яго самога папрасілі праехаць з супрацоўнікамі. Дзе ён знаходзіцца цяпер, і калі яго адпусцяць, на дадзены момант не зразумела, удакладняе выданне.

У гэты ж дзень рэдакцыю баранавіцкага недзяржаўнага выдання Intex-Press таксама прыйшлі з ператрусам. Па інфармацыі ад работнікаў газеты гэта былі супрацоўнікі КДБ, піша «Наша Ніва».

Таксама сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю недзяржаўнай «Брестской газеты». Пра гэта паведамілі супрацоўнікі, якія не знаходзіліся ў рэдакцыі. Па словах відавочцаў, чатыры ці пяць чалавек грукалі ў дзверы рэдакцыі і пагражалі выламаць яе.

Яшчэ раней 8 ліпеня стала вядома, што Мінінфарм заблакаваў сайт выдання «Наша Ніва». Некаторыя супрацоўнікі перасталі выходзіць на сувязь. Пазней рэпарцёрку Наталлю Лубнеўскую і фатографку Шуру Піліповіч-Сушчыц адпусцілі пад падпіску аб невыдаванні, паведаміла рэдакцыя. Дома ў галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча прайшоў ператрус, сам ён з’ехаў з сілавікамі. Ператрусы прайшлі таксама ў бухгалтэрыі выдання і дома ў галоўнага бухгалтара, у рэдактара Андрэя Скурко.