З Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы звольнілі кандыдата гістарычных навук, дацэнта Святлану Сілаву. Нагодай для звальнення палічылі адсутнасць яе на працоўным месцы больш за тры гадзіны, паведаміла выкладчыца ў сваім Facebook.

Святлану Сілаву затрымлівалі 18 кастрычніка 2022 года. Тады яе абвінавацілі ў «захоўванні і распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляла «Хрысціянская Візія». 21 кастрычніка выкладчыцу вызвалілі. Суд падвергнуў яе штрафу. Тэлефон Сілавай канфіскавалі.

Святлана Сілава працавала ў ГрДУ з 2000 года на кафедры гісторыі Беларусі. Даследчыца гісторыі праваслаўнай царквы з XVIII стагоддзя да часоў камуністычнага таталітарызму.

Яшчэ ў 2005 годзе Беларускі Экзархат выдаў яе працу «Крыжовы шлях: Беларуская Праваслаўная Царква ў перыяд нямецкай акупацыі 1941−1945 гг.». Каля 15 гадоў Святлана Сілава на грамадскіх пачатках супрацоўнічае з Гродзенскай епархіяй як навуковы эксперт. Гісторык брала ўдзел і арганізоўвала дзясяткі мерапрыемстваў, актыўна развівала супрацоўніцтва ўніверсітэта з Мінскай духоўнай семінарыяй у Жыровічах. Сілава з’яўляецца членам епархіяльнай камісіі па кананізацыі святых.