Будынак ваенізаванай аховы на вул. Падольнай, 23 у Гродне рэканструююць пад гасцінічны комплекс. Там з’явіцца гасцініца на 10 месцаў з абслугоўваючым блокам і хостэл на 16 месцаў. Адзін нумар на першым паверсе адвядуць для маламабільных груп насельніцтва. Праект яшчэ чакаюць грамадскія абмеркаванні.
Рэканструкцыю і выкарыстанне дэкаратыўных элементаў і дэталяў трэба зрабіць так, каб будынак не ўступаў у супярэчнасць з навакольным гістарычнай забудовай.
Будынак на вул. Падольнай, 23 пабудавалі ў 1930 годзе. Плошча будынка — 159,1 кв. м. Да продажу на аўкцыёне будынак належаў Баранавіцкаму аддзяленню Беларускай чыгункі. Будынак спрабавалі прадаць тры гады. У 2019 яго купілі на таргах. Тады за яго змагаліся 30 пакупнікоў, паведамляе «Вечерний Гродно».
Сістэма ацяплення ў будынку будзе электрычнай. Разглядаўся таксама варыянт з уладкаваннем ацяплення на мясцовых відах паліва. На думку ўладальнікаў, праект з электрычным ацяпленнем дазволіць акультурыць гістарычны цэнтр горада, захаваць гістарычнае аблічча будынка, павысіць якасць жыцця насельніцтва і мінімізаваць уздзеянне на кампаненты прыроднага асяроддзя.
Грамадскія абмеркаванні пройдуць з 10 ліпеня да 1 верасня. Рашэнне прымуць да 31 снежня.
Гістарычны квартал Падол
Вуліца Падольная — адна з самых старых вуліц Гродна. Тут калісьці знаходзіўся так званы Падол — квартал, які цягнуўся ўздоўж Нёмана ад Старога і Новага замкаў да могілак па вуліцы Антонава. Калісьці тут стаялі магнацкія палацы, якія перамяжоўваліся з жыллём простых людзей. Таксама на вуліцы былі дзве яўрэйскія малітоўныя школы. У канцы пазамінулага стагоддзя на вуліцы Падольнай знаходзілася і Аляксандраўскае рамеснае вучылішча.
Чытайце таксама: Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся
Іншыя актуальныя грамадскія слуханні
Будынкі па вул. Перамогі, 4/26 і па вул. Перамогі, 4 корп. 50 у Гродне плануюць рэканструяваць пад гандлёва-складскі комплекс. Па вул. Рэпіна, 54 у планах — узвядзенне комплексу тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў з выкарыстаннем незавершанага закансерваванага капітальнага будынка. Больш падрабязную інфармацыю аб гэтым можна даведацца на сайце гарвыканкама.
Чытайце таксама: