Дадаць навіну
Аўторак, 16 кастрычніка 2018, 10:08

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся

Будынак сённяшняга кафэ “Веранда” доўгі час заставаўся таямніцай для гісторыкаў: невядома было, калі ж яго збудавалі і якая была пачатковая функцыя. Нядаўнія архіўныя знаходкі прынеслі сапраўдны сюрпрыз: аказваецца, гэты будынак – самы стары з захаваных на тэрыторыі краіны бровараў!

Раней жа лічылася, што збудаванне было палацам Радзівілаў 18 ст. на Падоле, паводле іншай інфармацыі – палацам Румеля 19 ст.

Працаваў нядоўга

Бровар быў пабудаваны ў другой палове 18 ст. на ўласныя сродкі літоўскага надворнага падскарбія Антонія Тызенгаўза. Аднак, хутчэй за ўсё, на поўную вытворчую магутнасць прадпрыемства так і не запрацавала.

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся
Бровар Тызенгаўза на плане 1795 г.

У самым канцы 18 ст. будынак належаў райцу магістрата Лаўрыну Барысевічу і, паводле плана горада 1798 г., ужо не працаваў, паступова прыходзячы ў заняпад. У дакументах пач. 19 ст. трапляецца інфармацыя аб распродажы з будынка былога бровара дэмантаваных медных катлоў, трубаў і іншага тэхнічнага абсталявання.

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся
Бровар на плане 1810 г.

У 1810 г. гарадскія ўлады разглядалі праект рэканструкцыі будынка пад казармы, а затым, у 1828 г. – пад гарадскі шпіталь. Але абодва праекты не былі рэалізаваныя.

1000 пудоў хлеба

У 1833 г. гаспадар будынка, граф Дзяконскі, прадаў будынак старэйшаму і малодшаму бургамістрам Гродна Адрыяну Харыну і Івану Казацкаму за 3825 руб. серабром. Яны набылі яго для далейшага перапродажу. Будынак тады быў у паўаварыйным стане і, па меркаванні губернскага архітэктара, мог з часам абрынуцца ў Нёман.

У тым жа годзе былы бровар набыў прадпрымальнік Якаў Румель. Без даху і перакрыццяў, маючы толькі чатыры сцяны, будынак быў прыстасаваны пад хлебапякарню. Унутры пад адкрытым небам знаходзілася 29  печаў. Тут штодзённа выпякалі да тысячы пудоў хлеба для салдатаў гродзенскага гарнізоннага батальёна.

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся
Будынак былога бровара бачны на заднім плане за чыгуначным мостам. Фотаздымак 1860-х гг.

Упершыню будынак адлюстраваны на фотаздымку 1861 г. На ім бачна вялізны раскінуты ўздоўж берага Нёмана двухпавярховы цагляны аб’ём, які на той момант стаяў без даху ўжо амаль паўстагоддзя.

Запусценне і рэканструкцыя

Новае жыццё будынак атрымаў у 1890 г., калі ў ім было адчынена Аляксандраўскае рамеснае вучылішча, дзе адначасова знаходзіліся сталярная і слясарная майстэрні.

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся
Будынак былога бровара і Аляксандраўскага рамеснага вучылішча. Фотаздымак 1915-1916 гг.

У міжваенны час у будынку знаходзілася рамесніцкая школа “Polskiej Macierzy Szkolnej”. Пасля Другой сусветнай вайны тут працавалі майстэрні.

У часы незалежнай Беларусі былы бровар доўгі час знаходзіўся ў запусценні, пакуль некалькі год таму яго не выкупілі. Пасля рэканструкцыі ў будынку адчынілася кафэ “Веранда” і офісныя памяшканні.

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся

Падольная, 37: самы стары бровар у Беларусі, пра які вы нават не здагадваліся

Ад аўтара

На наш погляд, будынак з амаль 250-гадовай гісторыяй мае быць лепш даследаваны, а ўстановы, якія знаходзяцца ў ім, сваёй назвай павінны адсылацца да гісторыі будынка, да прыкладу тых, якія ўжываюцца ў дакументах 19 ст.: “бровар Тызенгаўза” або “старая піваварня”.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: