Бацькі першакласнікаў, якія не патрапілі ў польскамоўную школу № 36 Гродна, арганізавалі збор подпісаў да ўладаў горада. Яны просяць стварыць дадатковыя першыя класы з польскай мовай навучання і крытыкуюць ідэю стварэння ў школе беларускамоўнага класа.
Ужо ў першы дзень прыёму навучэнцаў у «польскую школу» ў Гродне, адміністрацыя ўстановы не прыняла камплект дакументаў ад 20 бацькоў. Між тым у ствараны ў школе па ініцыятыве ўладаў беларускамоўны клас паступілі адзінкавыя заяўкі. Прыём вучняў у першыя класы ў польскай школе будзе доўжыцца да 28 жніўня.
З новага навучальнага года ў CШ № 36 Гродна («польская школа») адкрыюць першы клас з беларускай мовай навучання. Усе прадметы будуць выкладацца па-беларуску. Польская мова стане прадметам з паглыбленым вывучэннем. Раней усе прадметы ў гэтай школе, прынамсі фармальна, выкладаліся на польскай.
Моўнае пытанне ў польскай школе ўздымалася і раней. У красавіку 2017 бацькі змагаліся супраць магчымай русіфікацыі школы. У 2014 годзе такое пытанне ўзнікала ў сувязі з меркаванымі зменамі ў Кодэксе аб адукацыі, у 2012 — калі ў школе першы раз прапанавалі ствараць рускамоўныя класы.
Чытайце таксама: В польской школе откроют белоруский класс
Падпісанты ліста падкрэсліваюць, што ў апошнія гады ствараецца штучная мяжа для фарміравання першых класаў у польскай школе ў Гродне. Бацькі вымушаныя стаяць у чарзе падчас прыёму дакументаў па некалькі дзён. Нягледзячы на гэта, не першы год дзясяткі дзяцей не могуць рэалізаваць сваё права вучыцца на роднай мове, таму што для іх не хапіла месца.
Бацькі нагадваюць лісты адрасатам, што польская школа ў Гродне з’яўляецца адзінай адукацыйнай установай у горадзе, дзе навучанне вядзецца на польскай мове. «Гэта азначае, што адмова прыняць кагосьці ў першы клас у гэтай школе перакрэслівае ўсе магчымасці для рэалізацыі дзіцем свайго канстытуцыйнага права на навучанне на роднай мове», — пішуць бацькі.
«Бацькі лічаць, што беларускамоўны клас можна адкрыць у любой іншай школе Гродна. СШ № 36 павінна ж служыць інтарэсам польскай нацыянальнай меншасці. Лічым недапушчальным, каб нашым дзецям было адмоўлена ў прыёме ў школу, у якой выкладанне вядзецца на іх роднай мове, толькі таму, што чыноўнікі за іх кошт вырашылі стварыць клас з навучаннем на іншай мове і, такім чынам, парушыць іх правы, гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі», — паведамляюць у лісце. Яго прыводзіць сайт znadniemna.pl.
Сёлета бацькі падалі больш за 70 заявак у першыя класы ў школе № 36 Гродна, расказала r**yja.com прадстаўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Арэхва. Паменшыць колькасць польскіх класаў хацелі і раней. Хоць улады яшчэ ў 90-х гадах абяцалі пабудаваць другую школу з польскай мовай навучання.
«У гэтую школу прыязджаюць дзеці з розных раёнаў Гродна і нават з Альшанкі. Таму я не разумею, чаму менавіта цяпер хочуць адкрываць, не важна, беларускамоўныя або рускамоўныя класы ў польскай школе», — сказала Анжаліка Арэхва. На яе думку, такі крок уладаў мае палітычнае адценне.
Праўленне Саюза палякаў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з пагрозай дэпаланізацыі школы.
Чытайце таксама: «Проверили учебники и карты». В польские школы в Гродно приходила прокуратура
«Асобнымі групамі ствараецца нейкі нездаровы ажыятаж вакол адкрыцця беларускамоўнага класа ў сярэдняй школе № 36 у Гродне», — выказаўся у «Гродзенскай праўдзе» Віктар Пранюк, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Ён адзначыў, што ў вобласці працуюць дзве школы з польскай мовай навучання - у Гродне і Ваўкавыску. У іх у мінулым навучальным годзе вучылася больш за 900 чалавек. Змяненняў колькасці вучняў, якія змогуць у далейшым вывучаць родную мову, не плануецца, адзначыў Пранюк.
Па статыстыцы, каля ⅔ выпускнікоў «польскіх школ» паступаюць у ВНУ Польшчы. «Гэта азначае, што за дзяржаўны кошт мы рыхтуем будучыя кадры для іншай краіны. < … > Выпады, якія гучаць у сувязі з прынятым рашэннем у наш адрас, — не што іншае, як праява нядобрасумленнай канкурэнцыі, адбору і пераваблівання перспектыўных і таленавітых выпускнікоў», — лічыць Пранюк.
Пранюк сцвярджае, што вывучэнне ўсіх прадметаў на польскай мове многім дзецям даецца нялёгка. «У большасці сваёй пасля заняткаў дзеці не размаўляюць на польскай са сваімі аднагодкамі, бацькамі. Акрамя таго, пэўныя цяжкасці ўзнікаюць у выпускнікоў пры паступленні, бо цэнтралізаванае тэставанне праводзіцца на дзяржаўных мовах», — кажа Пранюк. Вінаваціць Беларусь у прыгнёце польскай меншасці - несправядліва і абсурдна, лічыць чыноўнік.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…