У Гродне і вобласці на гэтым тыдні вынеслі шэсць прысудаў, большую частку — за абразу службовых асоб. На палітвязняў у СІЗА працягваюць ціснуць: іх змяшчаюць у карцэр, прызнаюць схільнымі да экстрэмізму, іх сваякі не атрымліваюць лістоў. У турме № 1 Гродна на гэтым тыдні пабывала і рэдактар спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік, пасля чаго распавяла пра ўмовы ўтрымання.

Прысуд за абразу міліцыянта

1 чэрвеня гродзенскі суд разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 51-гадовага жыхара Гродна, які ў лістападзе мінулага года ў суполцы ў Facebook публічна абразіў супрацоўніка Ленінскага РАУС Магілёва, паведамляе mogilev.mvd.gov.by.

Раней судзімага за крадзеж і нявыплату аліментаў мужчыну прызналі вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады. Яго асудзілі на абмежаванне волі тэрмінам на 1,5 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама за маральную шкоду з абвінавачанага будзе спагнана 1500 рублёў.

Год «хатняй хіміі» за абразу амапаўца

1 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна прайшоў чарговы працэс па крымінальнай справе па арт.369 за абразу службовай асобы. Судзілі 63-гадовую пенсіянерку з Мазыра Таццяну Тарун. Суддзя — Маргарыта Ланцэвіч, дзяржабвінаваўца — Кароль. Пацярпелы па справе Павел Калмагораў на працэс не з’явіўся, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Крымінальную справу распачалі за пост жанчыны 7 снежня 2020 года ў адным з Telegram-каналаў. Следчы камітэт палічыў той каментар абразай службовай асобы — супрацоўніка Гродзенскага АУС Паўла Колмогорова.

На працэсе Таццяна Тарун прызнала, што сама пісала каментар, сказала, што ён быў празмерна эмацыйны, таму што яна не магла абыякава назіраць за пераследам людзей. У Таццяны дыябет і маленькая пенсія — яна прасіла гэта ўлічыць. Суддзя прызнала Тарун вінаватай і пакарала яе годам «хатняй хіміі». Сістэмны блок яе кампутара канфіскавалі.

Заканчэнне «справы Ціханоўскага» ў Гродне

Абвінавачаныя па «справе Ціханоўскага» 31 траўня сказалі апошняе слова ў судзе. Ніхто з іх не прызнаў віны. 2 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна аб’явілі прысуд і пакаралі:

  • Дзмітрыя Фурманава — двума гадамі пазбаўлення волі калоніі агульнага рэжыму,
  • Уладзіміра Кнігу — чатырма гадамі пазбаўлення волі калоніі агульнага рэжыму.
  • Яўгена Разнічэнка — трыма з паловай гадамі пазбаўлення волі калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Рашэнне вынесла суддзя Вольга Бекушава. Менавіта столькі запатрабаваў пракурор Мікіта Мыслівец. Абвінавачаных пакінулі пад вартай.

Гродзенскі абласны суд зноў узмацніў пакаранне

Жыхару Ваўкавыска Аляксандру Патаповічу змянілі прысуд — замест 2,5 гадоў «хіміі» мужчыну прызначылі 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Крымінальная справа Аляксандра Патаповіча стала адной з першых «палітычных» спраў. Мужчыну абвінавачвалі ў тым, што ён паспрабаваў наехаць на двух супрацоўнікаў ваўкавыскай міліцыі. Аляксандра асудзілі на 2,5 года «хіміі», аднак пракуратура палічыла прысуд занадта мяккім.

Дзень нараджэння ў СІЗА

2 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна разглядалі скаргу Дзяніса Івашына на пастанову, якая падоўжыла тэрмін яго ўтрымання пад арыштам. Скаргу не задаволілі, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Вольга Івашына здолела перадаць мужу перадачу з прысмакамі і каўбасой у гродзенскую турму. Па яе дадзеных, ніякіх следчых дзеянняў з Дзянісам не вядуць, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя». Месяц Вольга не атрымлівала лістоў ад Дзяніса.

6 чэрвеня Дзяніс адзначыў свой дзень нараджэння ў СІЗА.

Дзмітрыю Фурманову працягнулі карцэр

Палітвязню Дзмітрыю Фурманаву працягнулі тэрмін утрымання ў карцэры да 8 чэрвеня. Усяго Дзмітрый правядзе ў ім 21 дзень. Блізкія непакояцца аб яго стане.

Затрыманы жыхар Смаргоні

За заклікі да гвалту над міліцыянтамі ў Telegram-канале затрыманы 43-гадовы жыхар Смаргоні - намеснік дырэктара фірмы вытворчасці, пераабсталявання і абслугоўвання спецтранспарту, у тым ліку для праваахоўных органаў.

Следчыя прызналі яго падазраваным па крымінальнай справе за распальванне сацыяльнай варожасці або варожасці (арт. 130 КК). Раней яго затрымлівалі па адміністрацыйных справах за ўдзел у акцыях.

Гэта грамадскі актывіст Аляксандр Нагела, паведамляе «Гарадзенская вясна». Па месцы жыхарства Нагелы правялі ператрус, наклалі арышт на кампутар і сродкі сувязі.

Таксама раней 26 траўня пенсіянера Алега Слабодкіна прызналі падазраваным па арт. 369 КК. Мяркуецца, што Алег Слабодкін у мясцовым чаце сваім каментаром абразіў прадстаўніка ўлады — пракурора Смаргонскага раёна Андрэя Клышэвіча, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Пераслед супрацоўнікаў Hrodna.life

Раніцай 1 чэрвеня рэдактарку спецпраектаў Hrodna.life Ірыну Новік выклікаў на апытанне ўчастковы. Пасля гэтага муж Ірыны паведаміў пра затрыманне і пра тое, што ў іх дома неўзабаве правядуць агляд. Пазней Ірыну Новік змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда.

3 чэрвеня прайшоў суд — Ірыну аштрафавалі на 25 базавых велічынь (725 рублёў) па адміністрацыйнай справе нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Яна таксама распавяла пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ на Кірава, 1.

Редакторку Hrodna.life Ирину Новик оштрафовали на 725 рублей. Почти три дня до суда она ничего не ела
Ірына Новік. Фота: Hrodna.life

Штрафы за «экстрэмізм»

Уладальніка сайта gs.by («Газета Слонімская») Яўгена Валадашчука аштрафавалі на 90 базавых велічынь (2610 рублёў) за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рашэнне вынеслі 1 чэрвеня ў Слонімскім раённым судзе. Па той жа артыкуле Hrodna.life асудзілі ў сакавіку.

Трох з пяці затрыманых па «польскай справе» вывезлі ў Польшчу

Трох з пяці грамадзян Беларусі, затрыманых у рамках «польскай справы», вывезлі ў Польшчу. Гэта Ірэна Бернацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава. Пазней яны расказалі, як гэта было. У няволі застаюцца Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс.

Гаспадыню крамы «Адметнасць» змясцілі ў ІЧУ

3 чэрвеня ў ІЧУ змясцілі Вольгу Верамеенку з крамы «Адметнасць». 6 чэрвеня яна выйшла на волю.

Супрацоўнікі АМАП прыйшлі на вул. Кірава, 3 каля 17.00 3 чэрвеня. Неўзабаве прыехалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС. У дачыненні да Вольгі Верамеенка з крамы «Адметнасць» пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 24.23 КаАП за «пікетаванне». У краме правялі агляд.

Задержали Ольгу Веремеенко из магазина "Адметнасць"
Ідэолаг і Вольга Верамеенка у краме «Адметнасць». Фота: Hrodna.life

Крымінальная справа за пашкоджанне дзяржаўных сцягоў

У Ашмянах двое мужчын пашкодзілі інсталяцыі са сцягамі. Распачатая крымінальная справа, паведамляе БЕЛТА.

Раніцай 31 траўня ў гарадскім парку мінакі ўбачылі раскіданыя чырвоныя і зялёныя сцягі з паламанымі дрэўкамі - усяго каля 50 штук. Па факце хуліганства следчыя распачалі крымінальную справу. Датычных да інцыдэнту аператыўнікі за некалькі дзён знайшлі.

Выяўлена, што двое жыхароў Ашмянаў 28 і 32 гадоў напярэдадні выпівалі, пасля накіраваліся ў парк. Там яны ўбачылі дэкаратыўныя канструкцыі, з якіх сталі выдзіраць сцягі, ламаць і кідаць іх на зямлю. Затым мужчыны працягнулі распіццё алкаголю. Іх прызналі падазраванымі па крымінальнай справе. Адзін з фігурантаў судзімы за крадзеж, другі злоўжывае спіртным. Нанесены ўрон склаў больш як Br370.

«Газету Слонімскую» адмовіліся друкаваць у беларускіх друкарнях

Беларускія друкарні адмовіліся друкаваць незалежную «Газету Слонімскую», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Штотыднёвік не выходзіў паўгода — з восені 2020-га. У пачатку траўня рэдакцыя апавясціла Мінінфарм аб аднаўленні выхаду, яе ўнеслі ў рэестр друкаваных выданняў. Аднак гродзенская друкарня, дзе раней друкавалася «ГС», даслала ліст з адмовай. Не ўзяліся друкаваць наклад таксама ў Пінску і Брэсце.

Пакуль друкаванай версіі не будзе, паведамляе газета, — толькі анлайн.

Палітвязню Алесю Пушкіну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 жніўня

За кратамі Алесь ужо больш за два месяцы: сядзеў у СІЗА Гродна, Мінску і Жодзіна. Яго абвінавачваюць у тым, што дэманстрацыяй партрэта антысавецкага дзеяча Яўгена Жыхара ён «рэабілітуе нацызм». Мастаку пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Пушкін сябе вінаватым не прызнае.

Прымусовае лячэнне — за тое, што сарваў сцяг

У сакавіку 20-гадовы хлопец сарваў дзяржаўны сцяг з фасадаў будынкаў Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу і рэдакцыі газеты «Іўеўскі край». Такім чынам, па матэрыялах справы, ён вырашыў прадэманстраваць сваё абразлівае і блюзнерскае стаўленне да сцяга.

Судова-псіхіятрычная экспертыза пастанавіла, што мужчына мае патрэбу ў прымусовым лячэнні з ізаляцыяй у псіхіятрычным стацыянары. Пракуратура Іўеўскага раёна накіравала ў суд крымінальную справу для прымянення прымусовых мер бяспекі і лячэння ў дачыненні да хлопца. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.

Крымінальная справа за заклікі да здзяйснення акта тэрарызму

Пракуратура Гродзенскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 29-гадовага мясцовага жыхара. Маладому чалавеку інкрымінаваныя публічныя заклікі да здзяйснення акту тэрарызму. Ён размясціў іх у кастрычніку-лістападзе 2020 года ў адным з публічных Telegram-чатаў. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.

Абвінавачаны заключаны пад варту. На яго маёмасць накладзены арышт. Санкцыя артыкула, паводле якога абвінавачваецца малады чалавек, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Крымінальная справа за карыкатуру

У судзе Мастоўскага раёна 4 чэрвеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Сяргея Бурака, якога абвінавачваюць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Справу вядзе суддзя Віталь Сініла, бок дзяржабвінавачання падтрымлівае Міхаіл Разуваеў, паведамляе «Гарадзенская вясна».

Паводле абвінавачання, Сяргей Бурак у перыяд часу з 10 верасня па 8 снежня 2020 года размяшчаў у Telegram-канале «Мосты для жизни чат» пад псеўданімам «Сергей» створаныя іншымі карыстальнікамі паведамленні з выявай Лукашэнкі і тэкстам, які змяшчае яго абразу. Сяргей віну не прызнаў. Прысуд яму вынесуць 7 чэрвеня ў 15.30.

Намётавы мітынг на мяжы

Каля сотні беларусаў сабраліся 5 чэрвеня на польска-беларускай мяжы ля памежнага пераходу «Баброўнікі». Там пачаўся намётавы мітынг, ініцыяваны камандай Народнага антыкрызіснага кіравання на чале з палітыкам Паўлам Латушкам. Акцыя была ўзгодненая з польскімі ўладамі.

«Освободите политзаключенных и откройте границы». На польско-белорусской границе начался палаточный митинг
Пікет на польска-беларускай мяжы. Фота: Руслан Кулевіч

На мяжы з Літвой затрыманы удзельнікі жнівеньскіх беспарадкаў у Брэсце

Жыхароў Брэста (21 і 27 гадоў) затрымалі на ўчастку мяжы «Рудзеўшчына» ў кірунку Літвы (1,5 км ад дзяржаўнай мяжы Беларусі). Яны знаходзіліся ў міжнародным вышуку за ўдзел у масавых беспарадках. Паводле інфармацыі ГУБАЗіК, фігуранты хаваліся ў Маскве, а 2 чэрвеня прыбылі ў Мінск, каб адтуль перабрацца ў Еўрасаюз.

На затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы за незаконнае перасячэнне мяжы.

Анджэя Пачобута паставілі на ўлік як экстрэміста

Жонка палітвязня Анджэя Пачобута Аксана Пачобут паведаміла, што яе мужа ў турме паставілі на ўлік як экстрэміста, схільнага да дэструктыўных дзеянняў, паведамляе «Гарадзенская вясна». Раней жонка паведамляла, што Анджэю не перадаюць лекі, хоць у яго хворае сэрца.

Зняволены перадае падзяку

Лекар-неўролаг Аляксандр Цялега, які знаходзіцца ў турме № 1 Гродна, перадае вялікі дзякуй усім, хто піша і пісаў яму лісты, хто падтрымлівае яго. Настрой у доктара нармальны, у лістах час ад часу бачны гумар, паведамляе Telegram-канал «Белые халаты». Раней мы распавядалі падрабязнасьці затрымання.

Палітвязняў просяць напісаць прашэнне на вызваленне

У калоніі «Віцьба 3» палітвязняў просяць напісаць прашэнне на вызваленне на імя Лукашэнкі.

Маці аднаго з палітвязняў паведаміла каналу, прызнаным экстрэмістскім, што ў канцы траўня ў Віцебскую калонію прыязджаў пракурор з Мінска і прасіў вязняў падпісаць такое прашэнне. «Больш за палову вязняў адмовіліся гэта рабіць, але былі тыя, хто пагадзіўся».

Чытайце таксама: