Беларусы смуткуюць аб актывісце з Бярозаўкі Вітольдзе Ашурку. Аб яго смерці ў папраўчай калоніі № 17 Шклова стала вядома 21 траўня. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала выказванні яго знаёмых і неабыякавых людзей.

Блізкім паведамілі пра смерць Вітольда Ашурка з ВК-17 Шклова 21 траўня каля 21.00. Па нумарах, пазначаных ў інтэрнэце, датэлефанавацца ў ВК-17 Hrodna.life не ўдалося. Блізкія спадзяюцца даведацца падрабязнасці таго, што здарылася, у панядзелак, паведаміла жонка палітвязня Вольга.

Афіцыйная прычына смерці - спыненне сэрца. Але, кажа жонка, «сэрца ў яго было здаровае абсалютна». Разам з тым, адзначае яна, у яго быў тромбафлебіт, таксама ў карантыне ён мог заразіцца каранавірусам. Апошні ліст палітвязень напісаў ёй з брыгады каранціну 30 красавіка.

«Без такіх зямля пусцее…»

У шклоўскай калоніі памёр вельмі светлы чалавек, якому, калі б не гэтае зняволенне, была наканаваная вялікая будучыня.

Вітольд Ашурак. Беларускі каталік з каранямі роду з нашчадкаў вояў хана Джалаладдзіна, на якіх прыйшоўся ці не галоўны нямецкі ўдар у бітве пры Грунвальдзе.

Чалавек, які ва ўзросце 40 гадоў упершыню паехаў на палітычную акцыю (Плошча-2010 у Мн.), адсядзеў за яе 12 сутак, а тады, прыняўшы для сабе рашэнне навярнуцца да беларушчыны, павёў над сабой капітальную работу па збаўленні ад шкодных звычак і ўсяго залішняга, што назапашваецца ў нас праз жыццё.

Тады гэты небанальны жыхар Лідчыны, запатрабаваны татуіроўшчык (да тога прывяло яго з дзяцінства захапленне мастацтвам, і ён вельмі адказна ставіўся да свайго ўмення рабіць тату, лічыў тую сферу часткай агульнай культуры) ажаніўся, неўзабаве поўнасцю завязаў з алкаголем. Сваім прыкладам годна паказваў, як асоба можа выпраўляць сябе і фізічна і духоўна і эстэтычна, расці і развівацца пасля 40-годдзя.

На шляху адбудовы нацыянальнай Беларусі ён меў добрыя перспектывы стаць у будучым буйным палітычным гульцом і духоўным аўтарытэтам для многіх і многіх…

Але за свой нацыянальны выбар ён увосень 2020-га патрапіў у зняволенне і атрымаў працяглы тэрмін пакарання.

З якога яго душа сышла раней.

Тут ніжэй у каментах паэтка і празаік Таццяна Барысік напісала: «Без такіх зямля пусцее…». Пусцее, праўда.

Светлая памяць Вітольду…

напісаў бард Андрэй Мельнікаў.

«Героі не паміраюць»

Сябра, даруй, што так і не адаслаў другі ліст табе… не магу паверыць… Светлая памяць, вечны адпачынак дай яму Пане. Героі не паміраюць. Вітольд Ашурак гонар Вольнай Беларусі.

напісаў Янка Дзяшук.

«Я хачу, каб усе былі жывыя»

Занадта часта ў гісторыі Беларусі здараліся цяжкія часы. Бывала, што Беларусь, яе гісторыя, мова, незалежнасць, нават самое існаванне, як на нітачцы, павісалі ўсім цяжарам на асобных людзях, — на нацыяналістах, патрыётах. Часам дзівішся, — літаральна некалькі чалавек, ці то зусім адзін, — маглі пераламіць ход падзеяў, зберагці, захаваць, передаць нашчадкам, — зрабіць тое, што лічылі сваім абавязкам. Вакол іх узнікала з забыцця, адраджалася Беларусь.

Такім чалавекам быў (Божухна, ну чаму даводзіцца пісаць гэтае слова, — «быў»?..) Вітольд Ашурак. Прыгожы, шляхетны, абаяльны, — разам з сябрамі аднаўляў гістарычную памяць Лідчыны. Повязь гісторыі і сучаснасці для яго была жывой, асязальнай, бо паміж героямі даўніны і беларусамі, якія яшчэ маюць нарадзіцца, стаяў ён, — Вітольд Ашурак.

На гэтых здымках з-пад Лідчыны, дзе высілкамі мясцовых актывістаў адноўлены мемарыял паўстанцам 1863 года на месцы жорсткай бітвы, Вітольд стаіць з рыдлёўкай ў руках: ён адмыслова прывёз зямлю з гары Гедыміна ў Вільні, з месца пахавання Кастуся Каліноўскага, каб далучыць яе да праху яго паплечнікаў тут. Каб звязаць час і час. Зямлю і зямлю. Герояў і герояў.

Зараз вельмі цяжкі час. Але зямля беларуская — тая ж, што і ў часы Каліноўскага, і героі, што на ёй нараджаюцца, — нашыя сучаснікі. Кожны, хто мае годнасць быць беларусам, сёння — герой. І я плачу ад віны за гібель Вітольда. Я хачу, каб усе былі жывыя. Каб акупанты не забівалі беларусаў. Каб дзецям не даводзілася чакаць бацькоў з турмы. Мы за гэта нясем адказнасць, ніхто, акрамя нас саміх.

напісала Алена Талстая.

«У новай Беларусі у кожным горадзе будзе існаваць вуліца імя Вітольда»

Вечная памяць спадару Вітольду!

Апошні раз размаўляў з ім 16га жніўня у Лідзе, на маршы Свабоды. Як і усе грамадзяне (рамантыкі), ён меў святочны настрой… На вялікі жаль сябар не дажыў да нашага вызвалення.

Упэўнены, што у новай Беларусі у кожным горадзе будзе існаваць вуліца імя Вітольда.

напісаў Ягор С.
"Героі не паміраюць". Як беларусы смуткуюць аб Вітольдзе Ашурку
Фота з Facebook Ягора С.

«Чаму памірае палітвязень, які паведаміў пра жоўтыя біркі?»

Галоўныя пытанні:

1. Чаму памірае менавіта той палітвязень, які паведаміў пра жоўтыя біркі на палітычных вязнях?

2. Чаму ад яго перад смерцю не было два тыдні лістоў?

3. Чаму ў 50-гадовага чалавека, які відавочна не мае праблемаў з атлушчэннем, раптоўна спыняецца сэрца?

4. Ці скардзіўся ён раней на праблемы з сэрцам?

5. Наколькі спыненне сэрца звязанае са спыненнем законнасці?

напісаў Максім Гацак.

«А цяпер гэта сэрца не б’ецца»

«Што тычыцца мяне, то іншым разам мне здаецца, што час вакол мяне спыніўся. Нічога істотнага не адбываецца і складаецца ілюзія, што я, нібы той матылёк, што заліп у бурштыне. Гэта, безумоўна, дратуе мяне, бо сэрца рвецца да вас, у полымя».
А цяпер гэта сэрца не б’ецца.

напісала Святлана Каваленка.

Чытайце таксама: