Першы ў Беларусі плогінг-тур стартуе 15 траўня. Удзельнікі будуць у час бегу прыбіраць смецце. 23 траўня забег пройдзе ў Гродне ў раёне аэрадрома Караліно.
Плогінг (ад шведск. plocka upp — забіраць, і jogging — бег трушком) — міжнародны экалагічны рух, збор смецця ў час бегу трушком. Яго прыдумаў шведскі актывіст Эрык Альстрэм ў 2016 годзе. Цяпер да руху далучыліся каля 50 краін.
Даведаўшыся пра ідэю плогінг-туру ў Беларусі, заснавальнік руху Эрык Альстрэм запісаў відэазварот да беларусаў:
У Гродне прабегчыся і пазбіраць смецце можна будзе 23 траўня ў раёне аэрадрома Караліно. Маршрут складзе каля 3 км, па часе зойме 1−1,5 гадзіны. Мясцовыя актывісты загадзя праверылі маршрут на бяспеку і наяўнасць смецця. Мерапрыемства ўзгоднена з мясцовымі ўладамі.
«У нас задача звычайна не сабраць усё смецце, гэта не мусіць ператварацца толькі ў прыборку. Калі смецця шмат, мы стараемся бегчы далей, падтрымліваючы тэмп. Потым, калі трэба, паўтараем забег у тым жа месцы і прыбіраем зноў, або людзі самі прыходзяць і прыбіраюць», — распавёў Hrodna.life заснавальнік плогінгу ў Беларусі Аляксандр Беўз. Цяпер у камандзе арганізатараў чатыры чалавекі.
Як бегчы, што ўзяць з сабой
Бегаць і прыбіраць смецце ў Беларусі пачалі ў 2019 годзе ў Мінску і ваколіцах. У 2020 узялі паўзу праз пандэмію. Сёлета працягнулі: 15 траўня стартуе плогінг-тур па ўсіх абласных цэнтрах Беларусі.
Перад забегам пройдзе інструктаж і размінка. На кантрольных кропках удзельнікі сартуюць сабранае смецце па тыпах адходаў і узважваюць яго. Гэта дапаможа навучыцца правільнаму сартаванню і дома. Сабранае смецце здадуць на перапрацоўку.
Што ўзяць з сабой:
- Свой тэрмакубак для пікніка, бутэлечку для пітной вады на час прабежкі. Забег імкнуцца зрабіць максімальна экалагічным, а значыць, без аднаразовага посуду.
- Трэба надзець спартыўнае (закрытае) адзенне і абутак, якія не шкада выпацкаць. Загадзя апрацуйце адзенне і абутак для прабежкі сродкам ад кляшчоў! З сабой можна ўзяць чысты камплект, каб пераапрануцца.
- Смартфон для сувязі з арганізатарам і арыентавання на маршруце.
- У залежнасці ад прагнозу надвор’я — дажджавік, сонцаахоўны крэм, галаўны ўбор.
- Дробныя рэчы варта пакласці ў невялікі заплечнік або торбачку на пояс, якія не будуць замінаць у час прабежкі. Рэчы таксама можна будзе пакінуць пад наглядам на стартавай кропцы або ў машыне.
Для ахвотных падрыхтавалі асобныя маршруты па спартыўным арыентаванні са зборам смецця. Каб паўдзельнічаць, трэба ў форме рэгістрацыі напісаць, што хочаце бегчы дыстанцыю спартыўнага арыентавання, і ўзяць свой компас (можна ўсталяваць праграму ў смартфоне).
У арганізатараў будуць запасныя пальчаткі, пакеты і пітная вада для папаўнення запасаў. На фінішы можна будзе памыць рукі з мылам.
Пасля прабежкі ўдзельнікаў чакае адпачынак, пікнік, у час якога можна знаёміцца і гутарыць, падарункі ад партнёраў руху і фотазона.
Удзельнічаць у забегу могуць усе ахвотныя, але трэба загадзя зарэгістравацца па спасылцы. Непаўнагадовым спатрэбіцца прысутнасць бацькоў (законных прадстаўнікоў) або іх пісьмовая згода (узор).
Забегі ладзяць пры падтрымцы прадстаўніцтва Volkswagen у Беларусі (кампанія прадастаўляе транспарт для плогінг-туру і падарункі ўдзельнікам), «Цэнтра экалагічных рашэнняў», эколагаў.
Калі: 23 траўня, 17:30.
Дзе: Гродна, Юбілейнае возера (месца старту ёсць на мапе).
Чытайце таксама: