Рэліз сольнага альбома на вершы Уладзіміра Караткевіча адбудзецца 2 траўня. Пачуць новыя песні можна будзе на старонках Алеся Дзянісава ў “Вконтакте” і “YouTube”. Пра гэта 30 красавіка музыка паведаміў на сваёй старонцы Facebook.

У альбом увайшлі  14 песен напісаных на вершы Уладзіміра Караткевіча. У адрозненні ад папярэдняга сольнага альбома на вершы Алеся Чобата, тут можна будзе пачуць шэраг інструментаў. Напрыклад, віаланчэль. – распавёў Hrodna.life Алесь Дзянісаў.

“Леаніды вяртаюцца…”. Алесь Дзянісаў з гурта “DZIECIUKI” анансаваў альбом на вершы Караткевіча
Вокладка альбома якую намалявала дачка музыкі Дар’я Дзянісава.

Назва альбома “Леаніды вяртаюцца…”   – адсылка да рамана Уладзіміра Караткевіча “Нельга забыць”.  Першапачаткова твор меў назву “Леаніды ня вернуцца да Зямлі”.
Леаніды – метэорны паток, ці “зорны дождж” які можна назіраць у лістападзе. 

“Кожная праца патрабуе нейкіх псіхалагічных і фізічных высілкаў. У народа такое стаўленне, што калі ты капаеш рыдлёўкай, то ты працуеш. А тут што? Сеў, пабрынчаў на гітарке, потым штосьці там напеў у мікрафон… Няўжо ж гэта праца? Такое стаўленне з-за адсутнасці адукаванасці”

Альбом пісаўся ў два этапы. Большасць працы музыка зрабіў ў лютым 2020 года. Усё астатняе дапісвалася ў 2021 годзе. “Быў даволі вялікі перапынак з-за шматлікіх прычынаў. Шмат з таго, што задумвалася не рэалізавана. Ізноў жа – па розных суб’ектыўных і аб’ектыўных прычынах. Але гэта у мінулым. Атрымалася па іншаму. І я гэтай працай задаволены”. – распавёў Hrodna.life Алесь Дзянісаў аб працы над альбомам.

Доўгабуд і трэці сольнік

У далейшых планах Алеся Дзянісава запіс міні-альбома з гуртом “DZIECIUKI” і завяршэнне “даўгабуда” – другого альбома гурта “Людзі на балоце”:  “Гурта няма і шмат чаго ўжо не будзе зроблена, але нават з таго, што можна зрабіць, атрымаецца неблагі матэрыял”. 

Таксама музыка задумаў трэці сольны альбом – на вершы гродзенскіх паэтаў і паэтак.