Пры раскопках на тэрыторыі Старога замка археолагі знайшлі туалет, пабудаваны ў XIX стагоддзі. Аб’ект паказвае, якімі былі інжынерныя збудаванні ў той час. Яго каштоўнасць у тым, што ён цэлы, добра захаваўся.

Адкуль у замку Баторыя грамадскі туалет

Пасля Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Стары замак перайшоў у вядзенне ваеннага ведамства Расійскай імперыі. Больш за сто гадоў ваенныя валодалі замкам. Там размяшчаліся казармы, ваенны сход, пякарні, халерны шпіталь.

Уся гэтая прыбудова да замка была пабудавана ў 1880-х гадах менавіта з мэтай арганізаваць добрыя прыбіральні для расейскіх вайскоўцаў", — распавёў Hrodna.life супрацоўнік гісторыка-археалагічнага музея, гісторык Андрэй Вашкевіч. Ён вывучаў гісторыю замка ў XIX стагоддзі.

Адтуліны, якія бачныя на здымках, маюць дыяметр каля 50 см. Сам рэзервуар па памеры можна параўнаць з цыстэрнай малакавоза. Астатнія часткі вялікай сістэмы размяшчаліся ўнутры будынка.

Прыклад прыбіральні ў іншым замку

Падобны рэзервуар, знойдзены ў Варшаве на тэрыторыі Уяздоўскага замка, зараз выкарыстоўваецца як выставачная зала, прыводзіць прыклад археолаг Аляксандр Хацько. Праўда, ён нашмат большы па памерах, чым гродзенскі. Яго закансервавалі, зрабілі гідраізаляцыю, пабудавалі навес. Уяздоўскі замак — каралеўскі палац Жыгімонта III Вазы — пачалі будаваць ў 1624 годзе. Будынак моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны, пасля яго знеслі, каб пабудаваць тэатр для вайскоўцаў. Тэатр так і не пабудавалі, а ў 1970-х палац аднавілі. У XIX стагоддзі на тэрыторыі замка таксама, як і ў Гродне, знаходзіўся ваенны шпіталь царскай арміі. Зараз там цэнтр сучаснага мастацтва.

У Старым замку адкапалі туалет XIX стагоддзя. Ці можна яго захаваць і навошта?
Уяздоўскі замак. Фота: topgid.net
У Старым замку адкапалі туалет XIX стагоддзя. Ці можна яго захаваць і навошта?
Рэзервуар былой прыбіральні ва Уяздоўскім замку. Фота: Аляксандр Хацько

Навошта захоўваць стары туалет

«Замкавая гара і Стары замак — вельмі шматслаёвы помнік, тут можна прасачыць усю гісторыю развіцця архітэктуры і будаўнічай думкі ад 10 да 20 стагоддзя. Замак мог бы стаць наглядным дапаможнікам па вывучэнні архітэктурнай думкі і быць археалагічным цэнтрам», — лічыць Аляксандр Хацько. Археолаг упэўнены, што пры жаданні любому гістарычнаму аб’екту можна знайсці прымяненне. Тым не менш, ён мяркуе, што ў Гродне аб’ект захоўваць не будуць.

Туалет, знойдзены ў Старым замку, цікавы як прыклад інжынерыі XIX стагоддзя. Такія прыбіральні яшчэ могуць быць у Гродне, але знаходзяцца ў зямлі, распавёў Андрэй Вашкевіч. Гэтая ж добра захавалася.

Чытайце таксама: Беларусацэнтрычнасць ці крывадушнасць? Чаму роспісы Старога замка ад Алеся Пушкіна выклікаюць спрэчкі

«Гэта цэлы аб’ект, неад’емная частка замка. Хай сабе і не Баторый. Замак — гэта помнік не толькі XVI стагоддзя. Шмат што ў ім можна і варта захаваць», — сказала Hrodna.life археолаг Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Наталля Кізюкевіч, якая працуе на раскопках у замку. «Зараз ідуць даследаванні для далейшага прыняцця праектных рашэнняў. Таму пакуль дакладнага адказу ў мяне няма», — адказала кіраўніца Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч на пытанне Hrodna.life пра далейшы лёс збудавання.