Другая чарга рэканструкцыі Старога замка можа знішчыць так званы палац Баторыя — будынак XVI-XIX стагоддзя, дзе месціліся асноўныя экспазіцыі музею. Пакуль маштабная перабудова не закранула гэтую частку архітэктурнага помніка. Гісторык Андрэй Чарнякевіч у адкрытым лісце да старшыні Гродзенскага аблвыканкама заклікае пераглядзець праект, каб не атрымаць «суцэльны муляж».

— Гэта ў першую чаргу крок маральна-этычны. Як гісторык, я не магу моўчкі назіраць, як знішчаюць Стары Замак, — патлумачыў Hrodna.life свой учынак Андрэй Чарнякевіч. — Ведаю, што адказам на такі зварот звычайна бывае адпіска. Але, з іншага боку, вельмі спадзяюся, што грамадства, нягледзячы на абставіны, захавала магчымасць адстойваць свае інтарэсы.

Хутка будзе зацвержаны праект другой чаргі рэканструкцыі, пасля гэтага моманту змяніць лёс Старога замка будзе немагчыма. Таму абмеркаванне неабходна менавіта зараз, патлумачыў гісторык.

Дарагі муляж замест старажытнай камяніцы

Галоўная праблема другога этапу, поводле Чарнякевіча, у тым, што запланавана кардынальнае змяненне знешняга выгляду будынку XVI-XIX стагоддзя, дзе раней месціўся музей. Гэта знакавы аб’ект на тэрыторыі Старога замка. Паводле плану, ён павінен быць вышэйшы за сучасны. Гэта значыць, трэба будзе надстройваць паверх. А для гэтага — умешвацца ў аутэнтычную забудову, якая пасля падобных маніпуляцый увогуле можа быць страчаная.

Чытайце таксама: Адное лечаць — другое калечаць. Чаму ў Гродне пачынае развальвацца самы стары мост Беларусі

«Той палац, якія мы сёння бачым, — гэта спалучэнне розных эпох, архітэктурных стыляў, рознай унутранай планіроўкі, якія разам ствараюць жывы арганізм, тады як памылковая канцэпцыя, што патрабуе пабудаваць менавіта „палац Баторыя“ і ніякі іншы, пагражае знішчэнню гэтага каштоўнага помніка. Нам прапануюць пабудаваць узамен старажытнай камяніцы, дзе кожнае скляпенне захоўвае памяць пра мінулыя стагоддзі, дарагі муляж, пазбаўленны ўсялякага духа гісторыі; замяніць аўтэнтычны, сапраўдны скарб прыкрай падробкай! Гэта як замена залатога самародка на шкляныя пацеркі. Аднак адна справа, калі гістарычная бутафорыя паўстае на пустым месцы, і зусім іншая, калі дзеля яе будуць разбіраць — забіваць гісторыю!» — піша ў звароце Андрэй Чарнякевіч.

Трэба захаваць падземны Гродна

Гісторык узгадвае, што няма дакладных звестак, як выглядаў замак у часы Баторыя. Таму тое, што атрымалася ў выніку першай чаргі рэканструкцыі, больш нагадвае «казачны замак, створаны фантазіяй сучасных дойлідаў». Андрэй Чарнякевіч заклікае ўлады перагледзець не толькі праект другой чаргі, але і ўсю канцэпцыю рэканструкцыі Старога замка:

«Трэба адыйсці ад ідэі аднаўлення Старога замка на „эпоху Стэфана Баторыя“, бо ў выніку яе рэалізацыі мы рызыкуем атрымаць суцэльны муляж. Я прапаную паказаць усю унікальнасць Замкавай гары, дзе жыццё не перарывалася вось ужо амаль тысячу гадоў».

“Не магу назіраць моўчкі”. Гродзенскі гісторык звярнуўся з адкрытым лістом да Караніка, каб спыніць перабудову Старога замка
Так можа выглядаць Стары замак пасля другой чаргі рэканструкцыі. Малюнак архітэктара У. Бачкова

Гісторык заклікае аднавіць будынак замка, максімальна захоўваючы гістарычныя напластаванні. І засяродзіцца не на новабудзе, а на кансервацыі аб’ектаў XII-XVII стагоддзяў - Ніжняй і Верхняй цэркваў, Княжацкага церама. Гэта, на думку Чарнякевіча, дапаможа стварыць своеасаблівы падземны Гродна, якому не будзе роўных не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім рэгіёне.

«Мы маем шанец збудаваць не прывідны замак, але атрымаць унікальны археалагічна-архітэктурны ансамбль аб’ектаў XII-XVII стагоддзяў (трэцяя чарга), рэканструкцыі на эпоху XVI стагоддзя (першая чарга) і замка XVI-XIX стагоддзя (другая чарга)», — заклікае да шырокага грамадскага абмеркавання гэтай канцэпцыі Андрэй Чарнякевіч.

Міністр культуры: разумеем усю ўнікальнасць

Другую чаргу рэканструкцыі Старога замка плануюць пачаць у гэтым годзе, паведамляў раней Гродна Плюс. У студзені 2021 года аб’ект наведалі старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік і міністр культуры Анатоль Маркевіч, пісала «Гродзенская праўда». Тады міністр культуры адзначыў:

«Мы разумеем усю ўнікальнасць і важнасць дадзеных аб’ектаў. Каб аднавіць замак XVI стагоддзя, неабходна прайсці вельмі адказны і доўгі працэс. Хачу адзначыць вельмі сур’ёзныя падыходы ў месных органаў кіраўніцтва па рэканструкцыі Старога замка. Усе нашыя крокі мы звяраем, кансультуемся на ўзроўні Міністэрства культуры, каб не парушыць аутэнтычнасць і гістарычную праўду на аб’екце».

Чытайце таксама: «Руины не воспринимают позитивно». Старый замок и Коложа получили дипломы на международном архитектурном конкурсе

Працы на Старым замку пачаліся ў 2017 годзе. Першы этап рэкантсрукцыі таксама выклікаў дыскусіі архітэктараў і гісторыкаў Беларусі і Польшчы. Найбольш спрэчныя моманты датычыліся будаўніцтва камяніцы, выгляду купалу і малюнкаў у стылі сграфіта на ўязной вежы. Наконт камяніцы археолагі пасля раскопак схіліліся да варыянту, што яе не было ў гэтым месце.

Стары замак у Гродне доўгі час быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, захаваўся лепш за іншыя каралеўскія рэзідэнцыі таго часу.

У ім адбываліся сеймы Рэчы Паспалітай — падзеі, важныя для гісторыі Беларусі, Польшы і Літвы.