Гродзенскія фанаты 26 лютага ў сваім пабліку ў Вконтакте паведамілі, што адмаўляюцца вяртацца на трыбуны ў новым сезоне. Галоўная ўмова вяртання — перамога народа ў пратэстах, якія пачаліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Футбольныя фанаты перасталі наведваць матчы «Нёмана» 1 красавіка 2020 года. Нагодай паслужыла складаная эпідэміялагічная сітуацыя з COVID-19 у Беларусі. Калі ва ўсім свеце прыпынілі масавыя спартыўныя мерапрыемствы, у Беларусі футбольныя і хакейныя матчы праходзілі з гледачамі. Фанатаў абурыла тое, што беларускі ўрад не ўвёў належных каранцінных мер.

Чытайце таксама: Фанаты футбольного «Немана» перестают посещать матчи и призывают остановить чемпионат

"Да поўнай перамогі народа". Фанаты футбольнага "Нёмана" адмовіліся вяртацца на трыбуны
Фан-сектар «Нёмана» перад байкотам, звязаным з COVID-19. Фота: Руслан Кулевіч

Не вярнуліся на трыбуны фанаты і ў канцы лета 2020 года, калі сітуацыя з COVID-19 палепшылася. Чарговы пратэст фанацкіх рухаў Беларусі быў звязаны з гвалтам у дачыненні да мірных грамадзян пасля выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года.

Хто значыць «перамога народа»?

Перад сезонам 2021 года гродзенскія фанаты выступілі з заявай, у якой паведамілі, што байкот актыўнага сектара будзе працягвацца.

«Перад стартам чарговага футбольнага сезона хочам усім яшчэ раз нагадаць. Актыўны фан-сектар дома і на выездзе будзе адсутнічаць да поўнай перамогі народа! Усім дабра і цярпення! Жыве Беларусь!», — заявілі фанаты «Нёмана».

У каментары для Hrodna.life гродзенскія фанаты растлумачылі, што хацелі сказаць словамі «перамога народа».

«Мы не пераставалі байкатаваць, прычыны і так зразумелыя. Галоўная ўмова вяртання на трыбуны — перамога народа. Гэта значыць змена рэжыму».

Чытайце таксама: Гродзенскія фанаты заклікаюць футбалістаў «Нёмана» не падпісваць праўладны ліст да спартоўцаў

"Да поўнай перамогі народа". Фанаты футбольнага "Нёмана" адмовіліся вяртацца на трыбуны
Так выглядаў пусты сектар фанатаў «Нёмана» ў сезоне 2020 года. Фота: Руслан Кулевіч

У Брэсце таксама байкатуюць

26 лютага 2021 года праз палітычную сітуацыю ў краіне фанаты брэсцкага «Дынама» таксама абвясцілі, што будуць байкатаваць матчы чэмпіянату.

«Дорогие друзья! Как бы тяжело ни давалось нам это решение, в преддверии предстоящего сезона вынуждены объявить, что вернуться на сектор в сложившихся условиях мы не можем. Считаем, что это будет кощунством по отношению к репрессированным за последние полгода по притянутым за уши поводам парням из нашего и других фанатских движей страны. Наши мысли — с погибшими и пострадавшими за свою позицию членами гражданского общества и их семьями. Надеемся на понимание со стороны команды и призываем помнить: мы не отвернулись от „Динамо“, и всегда где-то рядом», — гаворыцца ў заяве брэсцкіх фанатаў.

Фанаты хакейнага «Нёмана» таксама не вярнуліся на трыбуны

18 жніўня 2020 года фан-сектар хакей каманды абвясціў бестэрміновы байкот матчаў клуба з-за гвалту ў краіне. Фан-сектар хакейнага «Нёмана» лічыцца самым шматлікім і гучным у беларускай экстралізе. Спартыўныя журналісты не раз называлі гродзенскіх ультрас лепшымі ў Беларусі. На трыбуны фанаты ў 2021 годзе так і не вярнуліся.

"Да поўнай перамогі народа". Фанаты футбольнага "Нёмана" адмовіліся вяртацца на трыбуны
Фан-сектар хакейнага «Нёмана». Фота: Руслан Кулевіч

Чытайце таксама: «Горько и неприятно». Лидер фан-движения отреагировал на подписи хоккейного «Немана» под провластным письмом


Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.