Гродзенскія фанаты далучыліся да заўзятараў мінскага «Дынама» і выступілі са зваротам да футбалістаў «Нёмана». Яны заклікаюць гульцоў не падпісваць праўладны ліст.

24 лістапада з’явілася інфармацыя пра адкрыты зварот, у якім беларускія спартсмены падпісываюцца за падтрымку дзеючага палітычнага рэжыма. Футбольныя клубы Беларусі таксама сталі атрымліваць запыты падпісаць такі ліст.

З гэтай нагоды спачатку выступілі фанаты мінскага «Дынама». Яны папярэдзілі футбалістаў, што той, хто падпіша ліст, стане «здраднікам свайго народа». 26 лістапада свой зварот апублікалі і фанаты «Нёмана»:

«Мы, фанаты Нёмана, лічым, што ўжо немагчыма сумленным людзям падпісвацца пад гэтым… Падпісаўшы ліст, ты тым самым падтрымліваеш гвалт і беззаконне. І калі хтосьці з Нёмана зробіць такі крок, для нас ён пустое месца! Верым у ваша сумленне!!! Разам МЫ НЁМАН!!!».

Пакуль няма інфармацыі, ці атрымаў «Нёман» ліст з адкрытым зваротам, але ў верасні некаторыя гродзенскія футбалісты падтрымалі беларускіх спартоўцаў і выступілі супраць гвалту.

На дадзены момант ліст спартыўнай грамадскасці падпісала больш за 1200 чалавек. Яны асуджаюць шматлікія факты фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама праяву грубага гвалту з боку сілавых структур у дачыненні да мірна пратэстуючых грамадзян.

Чытайце таксама: «Я здаровы мужык і не магу абараніць слабых». Волат з Гродна пра тое, што спартсмены думаюць пра пратэсты і гвалт