Аляксандр Кодзіс — адзін з гродзенскіх спартсменаў, якія падпісалі ліст дзеячаў спорту супраць гвалту. Свой подпіс ён не адклікае, нягледзячы на запалохванні спартсменаў з боку ўладаў. Асілак з Гродна цяпер не ходзіць на пратэсты, але працягвае выказваць сваё меркаванне.

Аляксандр — чэмпіён і рэкардсмен свету і Еўропы па паўэрліфтынгу. Гэта ён у 2018 годзе цягнуў 12-тонны тралейбус на Дзень горада, а ў 2019 годзе падняўся па «Лесвіцы кахання» з 200-кілаграмовай штангай. Да выбараў прэзідэнта ў жніўні Аляксандр не цікавіўся палітыкай. Але калі пачаліся жорсткія затрыманні, ён не змог маўчаць. Спартсмен удзельнічаў у мірных пратэстах у жніўні, каб падтрымаць гараджан.

Пасля выбараў больш за тысячу беларускіх спартсменаў падпісаліся пад адкрытым лістом з патрабаваннямі да ўлады. Яны выступілі супраць гвалту і фальшаваньня выбараў. Свой подпіс паставіў і Аляксандр Кодзіс.

Чытайце таксама: Александр Кодис, который тянул троллейбус на Дне города, привез четыре медали с чемпионата мира по паурлифтингу

«Жудасная сітуацыя сёння ў Беларусі. Больш за ўсё хвалюе тое, што я здаровы мужык і не магу абараніць слабых. Мяне папярэдзілі адпаведныя людзі, каб не хадзіў на пратэсты і не ўмешваўся, а то і мной зоймуцца. Але як тут не абурацца, калі па ўсёй краіне затрымліваюць па-зверску. Я быў уражаны нахабным паводзінамі і жорсткімі затрыманнямі».

Аляксандр Кодзіс штурхае 12-тонны тралейбус у 2018 годзе на Дзень. Гродна. Фота: Руслан Кулевіч
Аляксандр штурхае 12-тонны тралейбус у 2018 годзе на Дзень. Гродна. Фота: Руслан Кулевіч

Аляксандр кажа, што многія спартсмены ў Гродна абураюцца на трэніроўках тым, як сілавікі затрымліваюць мірных людзей. Але не ўсе гатовыя публічна пра гэта казаць або хадзіць на пратэсты.

«Я асабліва не маўчаў і не маўчу, але ёсць тыя, хто баіцца. Гэта іх права. Ведаю, што ў Гродні хапае і паспяховых спартсменаў, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Вельмі хацелася б з імі пагутарыць на тэму гвалту. Але яны імкнуцца трымацца ад мяне далей, паколькі ведаюць маю пазіцыю. Я падпісаў адкрыты ліст, таму што я быў заўсёды супраць гвалту і несправядлівасці».

Аляксандр кажа, што сёння ў Гродне і звычайным грамадзянам, і спартсменам, для адзінства не хапае лідара. Ён кажа, калі людзі будуць адказваць адзін за аднаго, тады не будзе такіх масавых затрыманняў.

«Калі выходзіць, то ўсім, а не гнуць пальцы толькі ў залі паміж сабой. Мабыць, схадзіць на пратэст у кагосьці духу не хапае. Я бачу, што настрой у людзей не мяняецца. Думаю, далей будзе больш грубых затрыманняў, улады зробяць усё, каб запалохаць народ. У нас, на жаль, няма зброі, каб з імі змагацца, але нас больш і хай яны пра гэта не забываюць».