20 лютага пройдзе трэці зімовы чэмпіянат па фотабёрдынгу (фатаграфаванні птушак у прыродзе). Удзельнічаць могуць усе жыхары Беларусі. Каманды ад Hrodna.life сёлета на чэмпіянаце не будзе — нашу фотатэхніку канфіскавала міліцыя пры правядзенні агляду ў рэдакцыі. Пашукаеце птушак у Гродне за нас?
ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашае фатографаў і аматараў дзікай прыроды на зімовыя спаборніцтвы па фатаграфаванні птушак. 20 лютага за 6 гадзін — з 9.00 да 15.00 — трэба наздымаць як мага больш розных відаў птушак у прыродным асяродку.
За кожны від налічваюцца балы. Найбольш балаў атрымаюць тыя, хто правільна вызначыць від сфатаграфаванай птушкі. Зрабіць гэта дапамогуць анлайн-вызначальнік птушак або мабільны дадатак.
«Цяпер добры шанец знайсці птушак, якія только зімуюць у нас, зручна фатаграфаваць вадаплаўных на незамёрзлых вадаёмах», — расказаў Сямён Левы, каардынатар чэмпіянату, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях.
Удзельнічаць можна аднаму чалавеку ці камандай з двух чалавек. Удзел у чэмпіянаце бясплатны. Далучыцца могуць і ўдзельнікі з іншых краін.
Па выніках чэмпіянату будуць вызначаныя пераможцы і прызёры, таксама асобна будзе абраны найлепшы здымак. Журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота або ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы ад АПБ.
Чытайце таксама: Гілі ў Гродне: дзе іх убачыць, чым пакарміць (і ці патрэбна гэта)
Падрабязныя правілы чэмпіянату, чэк-лісты індывідуальнага ўдзельніка або каманды можна спампаваць на сайце АПБ.
Што спатрэбіцца?
Для спаборніцтваў лепей абраць аб’ектыў па-мацней, не забыцца падсілкаваць батарэю ці ўзяць запасную, прыхапіць бінокль. Таксама карысна:
- апрануцца ў неяркую вопратку, абраць высокі абутак,
- адзенне мусіць быць лёгкім для хадзьбы, але дастаткова цёплым для чакання птушак,
- запасную батарэю для фотаздымача і тэлефон трымаць бліжэй да цела, каб не разрадзіліся на марозе,
- прадумаць разнастайны па біятопах маршрут загадзя, не забыцца на незамёрзлыя вадаёмы.
Камеру варта наладзіць на рэжым прыярытэту вытрымкі не менш за 1/1000 секунды, ISO — 400. Варта ўключыць рэжым серыйнай здымкі і выбраць цэнтральную кропку факусоўкі. Прыдасца штатыў і ахоўная бленда на аб’ектыў. Больш парадаў па фотаздымцы птушак зімой — тут.
Як запісацца на ўдзел?
Спампаваць форму заяўкі, запоўніць яе і даслаць на адрас levy@ptushki.org. Заяўкі прымаюцца да 17.00 19 лютага (пятніца).