З 3 студзеня ў Беларусі зарабіла нацыянальная паштовая электронная сістэма. З яе дапамогай можна перасылаць заказныя і простыя лісты ў электроннай форме, інфармуе прэс-служба Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.
Адпраўляць і атрымліваць лісты можна кругласуткава з мабільнага тэлефона ці кампутара. Дастаўка простага электроннага ліста каштуе 42 капейкі, заказнога — 1,5 рублі.
Для адпраўлення ліста праз сайт «Белпошты» спатрэбіцца электронны подпіс (SIMiD, USB-носьбіт AvPass або ID-карта). Пасля аўтэнтыфікацыі ствараецца электронная паштовая скрыня.
У лісце могуць быць дакументы, фатаграфіі, малюнкі, рахункі, паведамленні, даведкі, выпіскі і падобнае. Тэкст не павінен перавышаць 30 старонак. Можна дадаваць файлы фарматаў doc, docx, xls, xlsx, pdf. Пры гэтым далучыць можна не больш за тры файлы памерам да 10 МБ.
На сайце Мінсувязі размясцілі відэа з інструкцыяй выкарыстання новага віду паведамленняў.