З гродзенскай этнакрамай “Цудоўня” разрываюць дамову арэнды. Пра гэта ўласніку стала вядома ўвечары 3 снежня. З 4 снежня крама прыпыняе працу.
“Цудоўня” часова пераходзіць у анлайнавы гандаль, расказаў Hrodna.life яе супрацоўнік Антон Шаранкевіч. “Шчыра пакуль самі не ўсвядамляем што і як далей”, – кажа ён. “Мы шакаваны такімі навінамі”, – напісаў ён у Facebook. Уласнік плануе канусльтавацца з юрыстам.
“Цудоўня”, як і многія гарадскія ўстановы, не працавала 26 кастрычніка ў знак салідарнасці з абвешчанай агульнабеларускай забастоўкай. Пасля гэтага ў памяшканне зачасцілі праверкі МНС і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Яшчэ раней, у верасні, з увахода ў краму двойчы на адзін дзень канфіскоўвалі бела-чырвона-белы сцяг – нібыта па просьбе грамадзян.
- У Гродне закрыецца тайм-кафэ «Партал». Установа не працавала ў дзень «усеагульнай забастоўкі»
- «Непад’ёмная сума». Гродзенскі Nesterka Bar, які адкрылі 10 сяброў, можа зачыніцца праз штраф
Гэта трэцяе памяшканне, якое займае крама за час свайго існавання. На Кірава, 3, як і раней на Вялікай Траецкай, “Цудоўня” дзеліць памяшканне з крамай-клубам настольных гульняў “Кубік” і крамай мэблі з масіва “33 камоды”. Дамову арэнды разрываюць толькі з “Цудоўняй”, яе кампаньёны застаюцца на сваім месцы.
“Цудоўня” існуе з траўня 2015 года. Асноўны кірунак дзейнасці – гандаль рамеснымі вырабамі ў нацыянальным стылі, адзеннем, беларускімі кнігамі. Ад часу заснавання “Цудоўня” актыўна займалася папулярызацыяй беларускай культуры. На пляцоўцы крамы праходзілі гістарычныя і культуралагічныя лекцыі, прэзентацыі кніг, майстар-класы, выступы музыкаў ды іншыя мерапрыемствы.
Чытайце таксама: Бизнес в Гродно-2020: коронавирус ударил сильно, проверки добивают выживших


