Польская паліцыя ліквідавала нелегальную тытунёвую фабрыку, якая магла выпускаць не менш за 10 млн цыгарэт у месяц. Затрыманыя сямёра чалавек — двое грамадзян Польшчы і пяцёра грамадзян Беларусі, піша belmir.by.

Як удакладняецца ў прэс-рэлізе, над гэтай справай ужо доўгі час працавалі супрацоўнікі ўпраўленняў у Гданьску і Лодзі. Сабраная інфармацыя прывяла ў Лодзінскае ваяводства, дзе на тэрыторыі арандаванай прыватнай уласнасці і знаходзілася фабрыка.

Падчас акцыі затрыманыя сямёра чалавек. Пры ператрусе знойдзеныя і канфіскаваныя прафесійная тэхналагічная лінія коштам каля 1 млн злотых, больш за 1,8 млн штук цыгарэт, рэзаны тытунь і неабходныя для вытворчасці кампаненты.

Следчыя мяркуюць, што на фабрыцы да моманту яе ліквідацыі магло быць выраблена некалькі дзясяткаў мільёнаў штук цыгарэт. Канфіскаваныя цыгарэты і рэзаны тытунь нанеслі б казне шкоду ў памеры больш за 2 млн злотых.

Затрыманым мужчынам ва ўзросце ад 32 да 60 гадоў прад’яўленыя абвінавачванні ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і вытворчасці і збыце падакцызных тавараў. Яны змешчаныя пад варту тэрмінам на 3 месяцы.

Расследаванне па справе працягваецца, не выключаны далейшыя затрыманні.

У Польшчы закрылі нелегальную тытунёвую фабрыку - затрымалі пяць беларусаў
Нелегальная фабрыка. Фота: паліцыя Польшчы