Раней прайсці атэстацыю экскурсаводы маглі толькі ў Мінску. Зараз з’явілася магчымасць здаць экзамен і ў Гродне. У выніку з усімі заданнямі справіўся 21 экскурсавод і 1 гід-перакладчык з 32 чалавек, піша grodnonews.by.

 — Ад Гродзенскай вобласці паступіла вялікая колькасць заявак на атэстацыю — больш за 60. Таму было прынята рашэнне, што зручней правесці яе не толькі ў Мінску, але і ў Гродна ў анлайн-фармаце, — распавяла Таццяна Лідзяева, намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. — Развіццё бязвізавага рэжыму і ўнутранага турызму паказала, што ў нас не хапае экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Асабліва праблематычна знайсці ў пік турыстычнага сезону. Таму прыйшлі да высновы, што іх колькасць неабходна павялічваць.

У атэстацыі ў Гродне прынялі ўдзел 32 чалавекі. Сярод іх не толькі гродзенцы, але і прадстаўнікі іншых раёнаў і абласцей: Брэсцкага, Лідскага, Слонімскага, Свіслацкага, Навагрудскага. Экзамен здавалі прафесіяналы і тыя, хто вырашыў праводзіць экскурсіі зусім нядаўна.

Экзамен складаўся з двух этапаў. Першы — кампутарнае тэставанне. У ім было каля ста пытанняў па гісторыі, геаграфіі, культуралогіі. Хто паспяхова справіўся з тэстам, дапускаўся да другога этапу — вуснага анлайн-сумоўя з экспертамі з Мінска, якія ацэньвалі ўжо не толькі веды, але і дыкцыю, тэмп прамовы і методыку правядзення экскурсій.

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяны Лідзяевай, рыхтаваць гідаў плануецца і далей. Гэта звязана як з запатрабаванасцю ў спецыялістах у Гродзенскай вобласці, так і з тым, што яшчэ не ўсе жадаючыя стаць гідамі прайшлі атэстацыю.