Руслан Кулевіч атрымаў прэмію Ядкоўскага-2020. Яе ўручаюць тым, хто ўнёс значны ўклад у вывучэнне або папулярызацыю гісторыі Гродна. У мінулым годзе ён быў намінантам на гэтую прэмію.
Руслан Кулевіч — краязнаўца, абаронца гістарычнай спадчыны, аўтар дзвюх кніг, былы ваенны разведчык, спартсмен. Займаецца зборам вусных успамінаў гродзенцаў. У 2019 годзе выйшла яго кніга «Горад адзін, успаміны розныя», у 2020 — «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» з гісторыямі пажылых гродзенцаў і іх успамінамі пра Гродна пачатку 20 стагоддзя.
Прэмія імя Юзафа Ядкоўскага заснавана ў 2012 годзе гродзенскімі гісторыкамі. Штогод яе ўручаюць тым, хто ўнёс значны ўклад у вывучэнне або папулярызацыю гісторыі Гродна, а таксама паспрыяў захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай самабытнасці Гродна і рэгіёна. У розны час прэмію атрымлівалі вядомыя гісторыкі і краязнаўцы: Андрэй Вашкевіч, Алесь Госцеў, Таццяна Касатая, Віктар Саяпін, Фёдар Ігнатовіч, Таццяна Еўдакімава, Наталля Канюк, Ігар Лапеха.