У корпус юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы 14 кастрычніка прыйшлі людзі ў форме. Чалавека пад рукі вывелі з корпуса прама пасярод пары, паведамляе Telegram-канал «ГрГУ — ПЕРЕМЕН».

Па адной з версій, затрыманы — студэнт, які нядаўна вярнуўся з «сутак». Па другой версіі, якая ёсць у адміністратараў чата, гэта падазраваны. Па якой справе і што ён рабіў ва універсітэце, невядома. Інфармацыі ад дэканата ў студэнтаў няма.

Атрымаць каментар у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама Hrodna.life не ўдалося.

Студэнты паведамілі ў Telegram-канале, што ў корпусе перыядычна праводзяцца выязныя судовыя паседжанні, каб падрыхтаваць юрфак да будучай працы. Міліцыя па заканчэнні суда вывела асуджанага.